Артыкулы: Галоўчынскія

Галоўчынскія, Галаўчынскія, княжацкі род герба «Лебедзь». Паходзілі ад князя Мацвея Мікіцініча, які прыехаў у ВКЛ з дваром Алены Іванаўны, дачкі вял. князя маскоўскага Івана ІІІ, жонкі вял. князя літоўскага Аляксандра. Нашчадкі Мацвея ў ВКЛ першапачаткова зваліся Мікіцінічамі, з 2-й пал. 16 ст. — Г. (ад назвы маёнтка Галоўчын каля Друцка), з 17 ст. карысталіся таксама тытулам князёў Рапалоўскіх. Аднак генеалагічная сувязь Г. з князямі Рапалоўскімі (у Расіі) не прасочваецца. Генеалог Ю.Вольф меркаваў, што Мацвей Мікіцініч мог прыбыць у ВКЛ у сувязі з няўдалай змовай 1499 князя С.І.Рапалоўскага на карысць княжыча Васіля Іванавіча. Вызнавалі праваслаўе, пасля перайшлі ў каталіцтва. Найб. вядомыя:

Мацвей Мікіцініч (?—1539), дваранін вял. княгіні Алены Іванаўны. Намеснік яе маёнткаў Магілёў, Княжыцы і Цяцерын каля Магілёва, Бірштаны ў Ковенскім пав., Анікшты ў Вількамірскім пав. і інш. Пасля яе смерці (1513) прызначаны Жыгімонтам Старым намеснікам і дзяржаўцам бірштанскім. Ад Алены Іванаўны і Аляксандра Ягелончыка атрымаў маёнткі Струня каля Полацка, Стаяцішкі ў Віленскім пав., Езна ў Ковенскім пав., Княжыцы і інш.

Астафій Мацвеевіч (?—6.3.1557), сын Мацвея Мікіцініча. Валодаў маёнткамі Палачаны, Лужаны, Занарач і Ажунічы ў Ашмянскім пав., Маладзечна і Заслаў у Менскім пав., Новы Двор, Княжыцы, Струня і інш.

Яраслаў Мацвеевіч (1520—кастр. 1567), сын Мацвея Мікіцініча. Маршалак гаспадарскі з 1549; дзяржаўца ляхавіцкі ў 1546—49 і ковенскі з 1565. Валодаў маёнткамі Водва, Галоўчын, Барберышкі, Езна і інш., з якіх у 1565 ставіў у войска 100 коннікаў і 50 драбантаў.

Шчэнсны Яраславіч (?—1610), сын Яраслава Мацвеевіча. Дзяржаўца любашанскі з 1581, кашталян менскі з 1600. Валодаў маёнткамі Галоўчын, Езна, Цітва, Шацк і інш.

Яраслаў Яраславіч (?—1622), сын Яраслава Мацвеевіча. Удзельнічаў у Інфлянцкай вайне 1558—82, у з’ездзе праваслаўных і пратэстантаў у Вільні ў 1599.

Аляксандр Яраславіч (каля 1570—12.5.1617), сын Яраслава Яраславіча. Кашталян жамойцкі ў 1604—14, ваявода мсціслаўскі з 1614; стараста лідскі ў 1602—13, дзяржаўца вількійскі з 1616. Удзельнічаў у вайне Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18 (Смаленская кампанія 1609), у мірных перагаворах з рас. пасламі ў 1615. Перайшоў у каталіцтва.

Канстанцін (?—восень 1620), сын Яраслава Яраславіча. Стараста крычаўскі ў 1611, кашталян мсціслаўскі з 1611.

Ян Шчэнснавіч (?—22.1.1631), сын Шчэнснага Яраславіча. У час вайны Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29 на чале ўласнай харугвы ваяваў у 1621—22 у Інфлянтах. Чашнік ВКЛ з 1624.

Мікалай (?—пач. 1658), сын Канстанціна. Харужы аршанскі з 1644, пасол на сойм 1648. Апошні з роду Г.

Літаратура:

Wolff J. Kniaziowie litewsko-ruscy od końca czternastego wieku. Warszawa, 1895. S. 116—131;

Безроднов В. Родословие князей Стародубских и происхождение князей Путятиных: (по материалам синодика князей Микитиничей-Головчинских) // Генеалогическийвестник. СПб., 2001. Вып. 3.

© Валерый Пазднякоў, 2005

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.