Артыкулы: Галубінскі Яўген Еўсігнеевіч (Голубинский Евгений Евсигнеевич)
Галубінскі Яўген Еўсігнеевіч (Голубинский Евгений Евсигнеевич) [28.2(12.3).1834, с. Матвеева Калагрыўскага пав. Кастармской губ., Расія—7(20).1.1912] — гісторык царквы. Акадэмік Пецярбургскай Акадэміі навук (1903, член-карэспандэнт 1882).
З сям’і святара. Бацька: Еўсігней Фёдаравіч Пяскоў.
Вучыўся ў Кастрамской духоўнай семінарыі (1848—1854). Скончыў Маскоўскую духоўную акадэмію (1858). Магістр багаслоўя (1859, праца: «Об образе действования православных государей греко-римских в IV, V и VI веках в пользу Церкви, против еретиков и раскольников»). З 1859 выкладаў рыторыку і гісторыю царквы ў Віфанскай семінарыі пры Спаса-Віфанскім манастыры. З 1861 выкладаў гісторыю Рускай царквы і нямецкую мову ў Маскоўскай духоўнай акадэміі, з 1870 экстраардынарны праф. У 1872—1874 наведаў Бліжні Усход, Балканы, Італію, Аўстра-Венгрыю. У 1880 абараніў доктарскую дысертацыю «Гісторыя рускай царквы» (т. 1, апублікаваны ў 1880—1881, Увараўская прэмія АН). З 1881 ардынарны прафесар Маскоўскай духоўнай акадэміі. У 1884—1893 памочнік рэктара, член праўлення акадэміі. Заслужаны прафесар (1886). З 1895 у адстаўцы.
Працы па гісторыі рускай і паўднёва-славянскіх цэркваў. Асноўны твор Г. — шматтомная «Гісторыя Рускай царквы» («История Русской церкви», т. 1—2, Масква, 1880—1918; 4 выд. Масква, 2002; кожны том падзелены на 2 паўтамы), даведзеная да 16 ст. У гэтай працы сабраны і крытычна абагульнены вялізны фактычны матэрыял, у т.л. пра правасл. царкву на тэрыторыі Беларусі 10—13 ст. і ВКЛ. Г. даследаваў гісторыю заснавання і дзейнасці Літоўскай праваслаўнай мітраполіі ВКЛ 14 ст., Галіцкай праваслаўнай мітраполіі 14 ст., іх узаемадачыненні з кіеўскімі і маскоўскімі мітрапалітамі.
Працы:
Краткий очерк истории православных церквей Болгарской, Сербской и Румынской, или Молдо-Валашской. М., 1871;
Преподобный Сергий Радонежский и созданная им Троицкая лавра. Сергиев Посад, 1892 (2 изд. М., 1909);
История канонизации святых в Русской церкви. Сергиев Посад, 1894 (2 изд. М., 1903);
К нашей полемике со старообрядцами. М., 1896 (2 изд. 1905).
Воспоминания Е.Е.Голубинского. Кострома, 1923. II, 64, 16 с.
Падрабяязнаці:
Голубинский Евгений Евстигнеевич // Материалы для биографического словаря действительных членов Императорской Академии Наук. Пг., 1915. Т. 3 (змешчана бібліяграфія прац Г.).
Жизнь и труды академика Е.Е.Голубинского. М., 1998 (змешчана бібліяграфія прац Г.).
Платонов А.А. Академик Евгений Евсигнеевич Голубинский — историк и человек // Отечественные архивы. 2003. № 3. С. 20—28.
Никульшин Н.В. Евгений Евсигнеевич Голубинский — историк Церкви, библиофил // Румянцевские чтения — 2017. 500-летие издания первой славянской Библии Франциска Скорины: становление и развитие культуры книгопечатания. Материалы международной научно-практической конференции (18—19 апреля 2017). Часть 2. М.: Пашков дом, 2017. С. 5—10.
© Валерый Пазднякоў, 2010+
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


