Артыкулы: Ганна, мяркуемая вялікая княгіня літоўская, жонка Альгерда
Ганна, мяркуемая вялікая княгіня літоўская, жонка Альгерда. Звесткі пра Г. няпэўныя. Хроніка Быхаўца і Еўраінаўскі летапіс паведамляюць, што Г. была віцебскай князёўнай, якая прынесла яму ў пасаг Віцебск; пасля яе смерці Альгерд ажаніўся з цвярской князёўнай Ульянай Аляксандраўнай. Аднак «Радавод князёў віцебскіх» называе іншае імя жонкі Альгерда, віцебскай князёўны — Марыя Яраслаўна. Я.Тэнгоўскі дапускае магчымасць, што размова ідзе пра адну асобу, у якой названы 2 імя — хрысцільнае і манаскае. Аднак «Сказанне пра Мамаева пабоішча» ўказвае, што Г. была мачахай князёў Андрэя і Дзмітрыя Альгердавічаў, якая ахрысціла іх у праваслаўе. На гэтай падставе Т.Васілеўскі лічыў Г. 2-й жонкай Альгерда, з якой ён ажаніўся пасля смерці Марыі Яраслаўны, прыкладна ў 1340—41.
Літаратура:
WasilewskiТ. Trzy małżeństwawielkiego księcia Litwy Olgierda // Kultura średniowieczna i staropolska. Warszawa, 1991;
Tęgowski J. Pierwsze pokolenia Giedyminowiczów. Wrocław, 1999.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


