Артыкулы: Ганна Ягелонка (18.10.1523, г. Кракаў—9.9.1596), каралева польская
Ганна Ягелонка (18.10.1523, г. Кракаў—9.9.1596), каралева польская і вялікая княгіня літоўская [1576—96], жонка Стафана Баторыя. Дачка караля польскага і вялікага князя літоўскага Жыгімонта І Старога і Боны Сфорца. Бацькі не здолелі выдаць Г. замуж, як і наступны кароль, брат Г. Жыгімонт ІІ Аўгуст (ён планаваў выдаць Г. за кагосці з Габсбургаў, зах.-паморскіх князёў, шведскіх Вазаў). У 1550—60-я г. на руку Г. прэтэндаваў дацкі прынц Магнус, курляндскі герцаг Готард Кетлер, пфальцграф Рыхард Вітэльсбах. Пасля смерці Жыгімонта ІІ Аўгуста (1572) Г. стала своеасаблівым сімвалам ягелонскай манархіі і магла прэтэндаваць на трон Рэчы Паспалітай. Рукі Г. пачалі дамагацца французскі прынц Генрык Валезы і сын германскага імператара Эрнст, якія спадзяваліся такім чынам павялічыць сваі шансы заняць трон Рэчы Паспалітай. Стаўшы каралём, Генрык Валезы, аднак, з Г. не ажаніўся і хутка з’ехаў у Францыю. У час 2-га бескаралеўя 13.12.1575 прыхільнікамі Ягелонаў Г. была абвешчана каралевай, а 15.12.1575 яе мужам вызначаны трансільванскі ваявода Стафан Баторы, якому меў дастацца трон Рэчы Паспалітай; Г. падтрымала яго абранне. 1.5.1576 адбыўся шлюб і каранацыя Г. і Стафана Баторыя. У 1581 атрымала ад караля вена ў памеры 30 тыс. злотых, запісаных на маёнтках у ВКЛ, у т.л. Кобрынскую эканомію і Пружаны. Дала магдэбургскае права і гербы Пружанам (6.5.1589), Кобрыну і Гарадку (Гарадцу, 10.12.1589). Г не набыла палітычнай вагі ў дзяржаве і займалася ўладкаваннем сваіх маёнткаў, мецэнацтвам. Пасля смерці Стафана Баторыя (1586) Г. магла законна стаць на чале Рэчы Паспалтай, але не здолела атрымаць уладу. Было абвешчана новае бескаралеўе. Г. прапанавала абраць на трон шведскага каралевіча Жыгімонта, сына сваёй сястры Кацярыны, які і быў абраны каралём польскім і вял. князем літоўскім (Жыгімонт ІІІ Ваза). У час яго панавання Г. не адыгрывала палітычнай ролі. Фундавала ў ВКЛ некалькі касцёлаў (у 1590 — у Паланзе і Горждах, у 1596 — у Акмянах).
Літаратура:
BoguckaM. AnnaJagiellonka. Warszawa, 1994.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


