Артыкулы: Гарабурда Міхаіл Багданавіч

Гарабурда Міхаіл Багданавіч (?—12.7.1586), дзяржаўны дзеяч ВКЛ, дыпламат. З роду Гарабурдаў. З 1559 дзяк у канцылярыі ВКЛ, пісар ВКЛ з 1566, адначасова з 1584 кашталян менскі. Зрабіў вял. ўклад у дыпламат. забеспячэнне Інфлянцкай вайны 1558—82. У 1559 і 1561 ездзіў у Крым, каб схіліць татараў да нападаў на Расію. У 1563—64 і 1566 сакратар пасольстваў, у 1571 і 1572—73 пасланец ВКЛ у Маскву. Вёў перагаворы пра абранне на трон Рэчы Паспалітай царэвіча Фёдара Іванавіча пры ўмове прыняцця ім каталіцтва. За заключэнне перамір’я прызначаны пісарам ВКЛ. Пазней быў абвінавачаны ў спробе перадаць Расіі Інфлянты ўзамен за Полацк і адхілены ад дыпламат. дзейнасці. У 1579—81 у войску. У 1582 удзельнічаў у заключэнні Ям-Запольскага пераміря 1582, быў у складзе пасольства ў Маскве. Лічыў, што дыпламат. метадамі можна падпарадкаваць Расію Рэчы Паспалітай. Пасол ВКЛ у Маскве ў 1585—86, вёў перагаворы пра унію абедзвюх дзяржаў і іх саюз супраць Турцыі. Валодаў маёнткамі Востраў, Клімавічы і Угрын у Слонімскім пав., путнымі слугамі ў Полацкім ваяв., быў дзяржаўцам свіслацкім у 1566—68. У 1568 атрымаў ва ўласнасць Свіслацкую вол. з 12 вёскамі. У 1567 выстаўляў у войска ВКЛ 19 коннікаў. У Маскве Г. набыў Біблію, якую перадаў кн. К.В.Астрожскаму для друкавання (лягла ў аснову т.зв. «Астрожскай Бібліі» 1581), а таксама інш. рукапісныя кнігі, якія пасля выдадзены бел. і ўкр. друкарамі.

Літаратура:

Флоря Б.Н. Русско-польские отношения и политическое развитие Восточной Европы во второй половине XVI—начале XVII в. М., 1978;

Спірыдонаў М. Наданне Свіслацкай воласці Міхаілу Гарабурду: (Да праблемы скарачэння дзяржаўных уладанняў у Вялікім княстве Літоўскім у XV—XVI стст.) // Штогоднік Інстытута гісторыі НАН Беларусі, 1999. Мн., 1999.

© Валерый Пазднякоў, 2005

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.