Артыкулы: Гарадзенскі кляштар францысканцаў
Гарадзенскі кляштар францысканцаў. Заснаваны ў 1635 упіцкім старастам Яўстахіем Курчам з жонкай Зузанай з Тышкевічаў. Фундацыя на падараванне кляштару фальварка Панямонь зацверджана каралём Уладзіславам IV у 1639. У 1643 францысканцам вылучаны пляц за Нёманам на пабудову кляштара. Касцёл Маці Божай Анёльскай згадваецца ў 1675 як драўляны, мураваны ўпершыню ўпамінаецца ў 1700. Асвячоны у 1744 біскупам інфлянцкім Ю.Пузынам, пасля пажару і аднаўлення ў 1761 — біскупам-суфраганам беларускім Ф.Тавянскім. Званіца пабудавана ў 1753, да сярэдзіны 18 ст. адносіцца і будаўніцтва корпуса кляштара. Фундатарамі алтароў і аргана былі жонка кашталяна мсціслаўскага К.Лоза (з Юндзілаў) і новагародскі ваявода Радзівіл. Касцёл — 3-нефавая 6-слуповая базіліка з паўкруглай апсідай, па баках вял. прэсбітэрыя размешчаны сіметрычныя сакрыстыі. Гал. фасад касцёла бязвежавы, 3-ярусны, з трохвугольным шчытом на франтоне. Яго аздабленне сціплае і складаецца толькі з пілястраў і 2 паўцыркульніх ніш з размалёўкай. Злева ў адну лінію з фасадам прыбудавана 3-ярусная званіца, ніжні чацвярык якой аб’яднаны агульнай цягай антаблемента з гал. фасадам і бакавымі нефамі. 2-і і 3-і ярусы перабудаваны ў 18 ст. і больш насычаны барочнымі архітэктурнымі дэталямі. Парафія пры касцёле ўтворана ў 1744. Акрамя касцёла і кляштарнага корпуса мураванымі былі стайня і бровар. Бібліятэка налічвала 533 тамы (1804). Кляштар скасаваны ў 1832, касцёл застаўся як парафіяльны.
Літаратура:
ГардзееўЮ. З гісторыі помнікаў францішканскай парафіі г. Гродна // Краязнаўчыя запіскі. Гродна, 1997. Вып. 4;
Яго ж. SocjotopografiaGrodnawXVIIIwieku. Toruń, 2002;
СлюньковаИ.Н. Монастыри восточной и западной традиций: Наследие архитектуры Беларуси. М., 2002.
© Валерый Пазднякоў, 2005
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


