Артыкулы: Гарадзенскі палац Радзівілаў на Рынку

Гарадзенскі палац Радзівілаў на Рынку. Шляхам скупкі гарадскіх пляцаў паўд. часткі Рынка ў канцы 17—1-й пал. 18 ст. Радзівілы авалодалі комплексам будынкаў, якія раней належалі Валовічам (у глыбіні квартала, у Радзівілаў прыкладна з 1683), Масальскім (мсціслаўскі ваявода Міхал Юзаф Масальскі прадаў у 1738 Міхалу Казіміру Радзівілу Рыбаньку за 17 тыс. злотых), Сапегам (набыў Радзівіл Рыбанька ў Крысціны з Сапегаў і яе мужа Казіміра Масальскага ў 1751 за 55 тыс. злотых). Вуглавая камяніца Масальскіх па загаду Радзівіла Рыбанькі ў 1738—44 перабудавана пад палац паводле праекта архітэктара Дамініка Фантана, над будаўніцтвам наглядаў штатны радзівілаўскі архітэктар Аўгусцін Рашковіч. У 1744 інтэр’еры палаца ўпрыгожваў нясвіжскі мастак Ксаверый Дамінік Гескі (гл. ў арт. Гескія). Палац у плане нагадваў літару Г, меў 2 крылы, гал. фасад выходзіў на Рынак, дзе ў рызаліце была галоўная брама. Франтон рызаліта быў аздоблены гербамі Радзівілаў і Вішнявецкіх, разной арматурай (відаць, як у Нясвіжскім замку). Дах мансардавы. Сцены пафарбаваны ў цялесны колер, абрамленні вокнаў і гзымсы — у шары колер, пад камень. Брама вяла ў вестыбюль, адтуль улева гал. лесвіца вяла ў палац. У прырынкавым крыле былі прадстаўнічыя залы, у крыле пры вул. Бернардзінскай — княжацкія апартаменты з капліцай і канцылярыяй. Сцены клеткі з гал. лесвіцай пакрыты роспісам (напэўна, аўтарства Гескага). Кафля, ліхтары і жырандолі палаца паходзілі з радзівілаўскіх мануфактур, былі таксама «печкі саксонскія фарфоравыя на чатырох каменных слупках». На 2-м паверху размяшчалася вялікая Партрэтная, зала, сцены якой пакрыты паліхромнай размалёўкай. На палацавым дзядзінцы размяшчаліся драўляныя пабудовы. Набыты Радзівіламі ў 1751 суседні палац Сапегаў—Масальскіх палучаўся непасрэдна да палаца Радзівілаў. На час набыцця ён быў занядбаны і заставаўся недаведзеным да ладу. Гэты палац пазначаны на плане горада 1655, складаўся з 3 крылаў.

Літаратура:

Kowalczyk J. Pałace i dwory późnobarokowe w mieście sejmowym Grodnie // Sztuka ziem wschodnich Rzeczypospolitej XVI—XVIII w. Lublin, 2000;

Гардзееў Ю. Магдэбургская Гародня. Гародня; Wrocław, 2008.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.