Артыкулы: Гарадзенскі палац Сапегаў на вул. Брыгіцкай
Гарадзенскі палац Сапегаў на вул. Брыгіцкай. Вядомы з сярэдзіны 17 ст., пазначаны на плане Гародні 1655. У гэты час ужо належаў Сапегам. Быў прамавугольным у плане будынкам з цэнтральным рызалітам з паўд. боку (ад дзядзінца). У пач. 18 ст. ім валодалі Сапегі (відаць, ваявода віленскі Казімір Ян Сапега або яго сын, маршалак ВКЛ Аляксандр Павел Сапега). У 1717—18 пераабсталяваны пад залу пасяджэнняў Пасольскай Ізбы і Сената ў час правядзення ў Гародні соймаў Рэчы Паспалітай. Гал. ўваход у палац быў з Бернардзінскай вул. На 1-м паверху знаходзіліся вял. вестыбюль, за якім размяшчалася лесвічная клетка з двухкрылымі сходамі, якія вялі да верхнага вестыбюля. З яго ў правы бок быў уваход у залу Пасольскай Ізбы, а ў левы — у залу Сената. Пасольская Ізба ў плане была блізкая да квадрата, мела 10 вакон (па 3 на кароткіх баках і 4 на доўгім ад уваходу). Тут знаходзіўся стол для падрыхтоўкі соймавых дакументаў, перад ім — крэсла соймавага маршалка, вакол знаходзіліся 3 рады лавак для соймавых паслоў, размешчаныя амфітэатрам. Зала Сената мела абрысы 3-нефавай базілікі, пры гэтым з бакавых «нефаў» выйсці ў галоўны, больш высокі, можна было праз 5 арак. Над аркамі размяшчаліся 10 вакон, у кароткім баку залі былі 4 акны, ля супрацьлеглай сцяны стаяў каралеўскі трон. Адсюль вялі ўваходы ў канферэнцыйны пакой і ўборную. У палацы размяшчаліся канцылярыя і дапаможныя службы. Двума драўляным 2-павярховым пераходам ён быў злучаны з палацам Сапегаў на Рыначнай плошчы, прыстасавым пад каралеўскую рэзідэнцыю (гл. Гарадзенскі Баторыеўскі палац). У 1726 па загаду караля Аўгуста ІІ інтэр’еры палаца нанава аздоблены архітэктарам Іаганам Даніэлем Яўхам. Пасля пераносу ў сярэдзіне 18 ст. пасяджэнняў сойма ў Гарадзенскі Новы замак драўляныя пераходы разабраны, аднак сам палац да пач. 19 ст. знаходзіўся ў нязменным выглядзе.
Літаратура:
Lileyko J. Przebudowa grodzieńskich pałaców Batoriańskiego i Sapieżyńskiego na gmach sejmowy w 1717—1718 roku // Między Padwą a Zamościem: Studia z historii sztuki i kultury nowożytnej ofiarowane Profesorowi Jerzemu Kowalczykowi. Warszawa, 1993;
Kowalczyk J. Pałace i dwory późnobarokowe w mieście sejmowym Grodnie // Sztuka ziem wschodnich Rzeczypospolitej XVI—XVIII w. Lublin, 2000.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


