Артыкулы: Гарадзенскі палац Тызенгаўза
Гарадзенскі палац Тызенгаўза. Пабудаваны ў 1760—70-я г. ў прадмесці Гародні Гарадніцы па загаду Антонія Тызенгаўза (архітэктары Іозеф Мёзер, Джузепе Сака, мастакі Пётр Гежыдовіч, Лукаш Хібель, Антоній Грушэцкі, Фолвіль). Выкананы ў стылі барока, аднак некаторыя элементы і прыёмы аддзелкі запазычаны з ракако (апрацоўка фасадаў рустам, убранне інтэр’ераў). Пастаўлены як гал. будынак на новай плошчы Гарадніцы, палац вызначаў яе цэнтр. ролю ў архітэктурным ансамблі. Трапецыепадобная канфігурыцыя плана палаца ўтварала парадны двор, шырока раскрыты на плошчу. За палацам распалагаўся вял. парк. Аднапавярховы і расцягнуты будынак у цэнтр. частцы меў анфіладную сістэму плана, а ў бакавых крылах — калідорную. Планіроўка палаца не вызначалася дакладнасцю і кампазіцыйнай дасканаласцю. Можна меркаваць, што асноўная ўвага была аддадзена вонкавай кампазіцыі, а план прывязваўся да яе. Гал. фасад быў раскрапаваны здвоенымі рустападобнымі лапаткамі, ляпнінай. Меў завяршэнне ў выглядзе авальнага ў плане бельведэра з купалам над гал. ўваходам. Інтэр’еры ўпрыгожаны распіснымі плафонамі, мармуровымі камінамі. Быў пакрыты высокім вальмавым дахам. Палац з пач. 19 ст. служыў рэзідэнцыяў для гродзенскіх губернатараў. Разбураны ў 1915.
Літаратура:
Квитницкая Е.Д. Строительство Тызенгауза в Гродно // Архитектурное наследство. М., 1958. Вып. 11;
Чантурия В.А. История архитектуры Белоруссии. 3 изд. Мн., 1985. С. 157—158;
Калнин В.В. Городница — городской ансамбль XVIII века // Строительство и архитектура Белоруссии. 1988. № 4.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


