Артыкулы: Гараін Ян Антоній
Гараін Ян Антоній (1686—31.7.1777), дзяржаўны дзеяч ВКЛ. Сын Фларыяна Казіміра, падчашага ваўкавыскага, брат А.К.Гараіна. З 1725 харужы пяцігорскі, потым харужы пяцігорскі, віленскі пісар гродскі ў 1727—30, падчашы ў 1730—48, падваявода ў 1730—34 і 1745—48, сурагатар гродскі ў 1744—45, гараднічы ў 1746—48, дзераўнічы ў 1747—57, падкаморы ў 1748—64. Дэпутат Трыбунала ВКЛ у 1725 і 1752. Пасол на соймы 1729 і 1733, на апошнім падтрымаў абранне на трон Станіслава Ляшчынскага, потым з яго прыхільнікамі ў эміграцыі ў Караляўцы (меў тытул маршалка двара Ляшчынскага). Пасля вярнуўся і далучыўся да лагера Чартарыйскіх, дзякуючы чаму стаў дзяржаўцам рыканцішскім і лаварышскім, актыўна ўдзельнічаў у паліт. жыцці. Абіраўся паслом на соймы 1738, 1740, 1744, 1746, 1748, 1750, 1754, 1761, 1762. Пасля смерці Аўгуста ІІІ (1763) далучыўся да Генеральнай канфедэрацыі ВКЛ 1764. Удзельнічаў у працы канвакацыйнага, элекцыйнага і каранацыйнага соймаў 1764, удзельнічаў у абранні на трон Станіслава Аўгуста Панятоўскага, ад якога ў 1764 атрымаў пасаду берасцейскага кашталяна, а ў 1768 — ваяводы. Быў старастам зелаўскім, ваўкавыскім (з 1773). У 1766—68 член Вайсковай камісіі ВКЛ. Далучыўся да Барскай канфедэрацыі, рыхтаваў у ВКЛ паўстанне супраць лагера караля і рас. войск, пасля далучыўся да войск Пуласкіх, удзельнічаў у абвяшчэнні Генаральнай канфедэрацыі абодвух народаў. Пасля паражэння канфедэрацкіх войск у эміграцыі ў Прусіі, Сілезіі, Гданьску. Сыны Г. — М.П.Гараін (паўстанец 1768—69) і Я.Н.Гараін (паўстанец 1794).
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


