Артыкулы: Генрых Ройз фон Плаўэн (Heinrich Reuß von Plauen)

Генрых Ройз фон Плаўэн (Heinrich Reuß von Plauen; ?—да 28.12.1429), вялікі магістр Тэўтонскага ордэна ў 1410—13. Паходзіў з рыцарскага роду Фогтланда. У 1391 прыбыў з Мейсена ў Прусію, каб удзельнічаць у выправе супраць Літвы. У 1392 уступіў у Тэўтонскі ордэн. З 1398 комтур ордэнскага дому ў Гданьску, з 1402 комтур Няшавы, з 1407 комтур Свеці. У час вял. паходу аб’яднанага войска ВКЛ і Польшчы ў ордэнскія землі ў 1410 Г.ф.П. застаўся бараніць Кульмскую зямлю ад магчымай атакі польскага войска. Пасля паражэння крыжацкага войска ў Грунвальскай бітве 1410 здолеў умацаваць сталіцу ордэна Мальбарк перад надыходам польска-літвінскіх войск. Гарнізон Мальбарка на чале з Г.ф.П. вытрымаў 9-месячную аблогу, што дало магчымасць ордэну выправіць катастрафічнае становішча. У гэты час Г.ф.П. тытулаваўся намеснікам крыжацкай дзяржавы. У ліст. 1410 замежныя ўраднікі ордэна, якія прыбылі на генеральны капітал у Мальбарк, абралі Г.ф.П. вял. магістрам Тэўтонскага ордэна. Выступаў за працяг вайны з Польшчай і ВКЛ. У канцы 1410 атакаваў польскія войскі на чале з Ягайлам, але пацярпеў паражэнне, і быў вымушаны пайсці на падпісанне Тарунскага міру 1411. Для далейшага кіравання дзяржавай і здабычы вялізных грошай на выкуп палонных стварыў дзярж. раду з паслушнага яму рыцарства і мяшчанства. У канцы 1413 прыгатаваў новы напад на Польшчу, у той час, калі Ягайла з адборным рыцарствам быў у Гародле на заключэнні уніі з ВКЛ. Аднак унутраная апазіцыя, узначаленая вял. маршалам ордэна Міхаэлем фон Кюхмайстэрам, адмовілася выконваць загады Г.ф.П. і арганізавала змову. Хворы вял. магістр быў захоплены ў Мальбарку, пазбаўлены годнасці вял. магістра і прызначаны на малазначнае комтурства ў Пакрыўне. У 1414 спрабаваў з дапамогай Польшчы вярнуць уладу. Аднак яго тайныя перагаворы былі выкрыты, і Г.ф.П. трапіў пад варту. У 1422 яго саслалі ў аддалены замак Лохштад, дзе да смерці займаў пасаду пракуратара.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.