Артыкулы: Гербініус Ян
Гербініус Ян (16.12.1627, г. Бычына, Сілезія—7.3.1679), дзеяч лютэранскай царквы, педагог, пісьменнік. Сын Эліаша Капусты, рэктара лютэранскай школы ў Бычыне, які лацінізаваў сваё прозвішча як Г. Ян вучыўся ў школе ў Бычыне, гімназіі ў Гданьску, ва ун-тах у Лейдэне (атрымаў тут у 1654 ступень магістра) і Вітэнбергу. Кіраваў школамі ў Бычыне (з 1657), Валове ў Сілезіі (з 1661), Баянове ў Вял. Польшчы (з 1663). Пасланы лютэранамі Рэчы Паспалітай у Данію, у 1669—70 жыў у Каненгагене, пасля прапаведнік і рэктар нямецкай школы ў Стакгольме, з 1673 прапаведнік у Вільні, дзе удзельнічаў у тэалагічных дыспутах з пратэстантамі і праваслаўнымі. Выдаў тут кнігу «Катэхізны гадзіннік» («Zygarkatechizmowy», 1675). З 1675 выкладаў у Каралявецкім ун-це, Тыльзіце, Гданьску. Выконваў абавязкі капелана шведскага пасольства ў Варшаве. З 1677 пастар у Грудзёндзу. Ведаў шмат моў. Пісаў вершы на польскай, нямецкай, лац., французскай, грэчаскай, яўрэйскай мовах. Кнігі Г. выдаваліся ў Амстэрдаме, Гданьску, Іене, Капенгагене. Пераклаў на турэцкую мову катэхізіс (прызначаўся для турка, якога Г. ахрысціў у Стакгольме). Аўтар прац на лац. і польскай мовах у розных галінах навукі (літаратуразнаўства, мовазнаўства, геаграфія, логіка, рыторыка, педагогіка і інш.) і тэалогіі. Апошнія былі сабраны ў кнізе «Сімвалы хрысціянскай веры» («Symbolae fidei Christianae», Гданьск, 1675). Пакінуў падрабязнае апісанне Кіева-Пячэрскай лаўры («Religiosae Kijovienses cryptae, sive Kijovia subterranea», Іена, 1675).
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


