Артыкулы: Гербурт Мамерт

Гербурт Мамерт [28.4.1789, в. Качын Ковельскага пав.—18.2(2.3).1873], дзеяч каталіцкай царквы, гісторык. Д-р тэалогіі (1816). У 1808—12 вучыўся ў Віленскай духоўнай семінарыі, з 1812 ксёндз, плябан у Клевані каля Роўна. З 1819 канонік луцкі. У 1821—29 рэктар Віленскай семінарыі. З 1829 віленскі канонік, потым прэлат-схаластык, з 1863 дэкан; жытомірскі прэлат-кусташ. У адносінах да рас. уладаў займаў лаялісцкую пазіцыю. Актыўна ўдзельнічаў у дзейнасці Віленскай археалагічнай камісіі, падараваў Віленскаму музею старажытнасцей шмат старыж. рэчаў. З 1838 для Археаграфічнай камісіі рабіў выпіскі са стараж. дакументаў Віленскай капітулы і дыяцэзіі. Член Віленскага статыстычнага камітэту, у які ў 1849 прадставіў для друку збор актаў Віленскага капітула 1501—1601. У выніку вял. шматгадовай працы па складанні збору рэгестаў касцельных актаў стварыў рукапісны «Sumariusz» у 3 тамах (акты за 16, 17 і 18 ст.); захаваліся тамы 1 (акты 1501—1600) і 2 (акты 1601—79). Склаў збор каралеўскіх і княжацкіх прывілеяў Віленскаму біскупству з 1387 да 1690; збор папскіх булаў, актаў Базельскага сабора, папскіх нунцыяў, каралеўскіх лістоў, біскупскіх тастаментаў 14—19 ст.; збор выпісак з актаў Віленскай кансісторыі 1650—1714 (у 2 тамах); збор выпісак з актаў Троцкага павятовага суда 1643—50; збор выпісак з актаў Віленскага суда лаўнікаў 1464—1689; збор выпісак з актаў Ковенскага магістрата 1520—62; збор выпісак з актаў розных дыяцэзій, ваяводстваў, гарадоў (у т.л. Пінска) 17 ст.; вопіс актаў Камянецкага капітула 1596—1644; збор актаў клаяштараў францысканцаў і аўгусцінцаў у Берасці 1404—1600. Усе зборнікі гіст. дакументаў Г. засталіся ненадрукванымі. Выдаў некаторыя сваі казанні, працы па тэалогіі, пераклад на польскую мову казання Грыгорыя Назіянзіна (1822), зборнік касцельных песняў («Cantionaleecclesiasticum», Вільня, 1856; 5 выд. 1882).

Літаратура:

Pawlikowska W. Wileńska Kapituła Katedralna w zapisie źródłowym. Cz. 1 // Lituano-Slavica Posnaniensia. Studia historica. Poznań, 2007. T. 12.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.