Артыкулы: Герке (Гірке, Гяркевіч, Яркевіч; Gierke, Gerсke, Gierkiewicz, Jerkiewicz) Якуб
Герке (Гірке, Гяркевіч, Яркевіч; Gierke, Gerсke, Gierkiewicz, Jerkiewicz) Якуб (?—пасля 1664), віленскі гадзіннікавы майстар. Паходзіў, магчыма, з Германіі. У 1-й пал.—сярэдзіне 17 ст. быў найбольш дасканалы гадзіншчыкам у Вільні, які стварыў шэдэўры гадзіннікавага рамяства. Высокім узроўнем выканання адрозніваюцца яго настольныя гадзіннікі, датаваныя 1616, 1621, 1626, 1628, 1636, 1637, 1640, 1642, 1644, 1646, 1660 і 1664. У 1621 вырабіў раскошны вежачкавы Г. з пазалочанай бронзы, увенчаны купалам з фігурай Маці Божай (агульная вышыня 12,5 см). Іншы вежачкавы гадзіннік, датаваны 1628, мае наверсе фігурку Ісуса Хрыста з жывёламі. Кафляныя гадзіннікі майстра (у форме квадратнай кафлі) маюць вышыню 8 см, бакавыя памеры 10—11 см, некаторыя з іх, акрамя ўзораў, упрыгожаны сюжэтнымі выявамі (пакутніцтва св. Кацярыны, уваскрашэнне Хрыстом Пятра і інш.). Вядомы 2 гадзіннікі майстра з 6 бакавымі гранямі, адзін з іх паказвае знакі задыяку. У 1660 Г. стварыў складаны гадзіннік у драўляным зялёным корпусе, з фігурамі апосталаў Пятра і Паўсла і Амура, выгравіраванымі біблейскімі сцэнамі, які паказваў не толькі гадзіны і мінуты, але таксама секунды, дні і фазы Месяца; меў і невял. астралябію.
Літаратура:
Brensztejn M. Zegarmistrzostwo wileńskie w wiekach XVI i XVII // Ateneum Wileńskie. 1923. № 1;
Siedlecka W. Polskie zegary. 2 wyd. Wrocław etc., 1988. S. 66, 76—77.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


