Артыкулы: Герман

Герман [?—11(21).12.1681], дзеяч праваслаўнай царквы, паэт, музыкант-выканаўца. Паводле традыцыі, што захавалася да 19 ст., Г. паходзіў з ВКЛ, быў захоплены ў палон у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 і падараваны царом Аляксеем Міхайлавічам патрыярху Нікану. Разам з Ніканам, калі той самавольна пакінуў патрыяршы прастол, Г. пасяліўся ў Васкрасенскім Новаіерусалімскім манастыры. Быў келейнікам патрыярха, іпадыяканам. Дасягнуў вышэйшых манастырскіх пасад страіцеля (1673—75, 1678—80) і архімандрыта (з 1680). Быў верным прыхільнікам Нікана. У апошнія гады жыцця карыстаўся прыхільнасцю цара Фёдара Аляксеевіча, чытаў яму арацыі ў час царскіх візітаў. Відаць, Г. падтрымліваў творчыя кантакты з Сімяонам Полацкім, Сільветрам Мядзведзевым і інш. маскоўскімі інтэлектуаламі. Як паэт Г. пісаў вершаваныя пераробкі псалмоў, духоўныя песнапенні да храмавых святаў і інш. Карыстаўся ізасілабічнай версіфікацыяй, цудоўна валодаў рознымі страфічнымі формамі, часта выкарыстоўваў акрасціх, у т.л. вершаваны. Г. быў таксама пеўчым, рэгентам хора, лютністам, магчыма, і кампазітарам (аўтарам гімнаў). У тастаменце Г. адзначана шмат польскіх і лац. кніг, што, відаць, сведчыць пра яго сувязі з радзімай (Біблія ў перакладзе Іераніма, лексікон, «польскія» псалмы, жыція святых, «Хроніка Еўрапейскай Сарматыі» Аляксандра Гваньіні, альвар — лац. граматыка).

Літаратура:

Позднеев А.В. Песни-акростихи Германа // Тр. Отдела древнерусской литературы. М.; Л., 1958. Т. 14;

Яго ж. Рукописные песенники XVII—XVIII вв.: Из истории песенной силлабической пэзии. М., 1996;

Панченко А.М. Русская стихотворная культура XVII века. Л., 1973;

Костюковец Л.Ф. Герман — поэт и композитор. (Из истории белорусской музыки ХVII века) // Беларуская музыка: гісторыя і традыцыі. Мн., 2003.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.