Артыкулы: Геткант (Getkant, Gedkant) Фрыдрых

Геткант (Getkant, Gedkant) Фрыдрых (1602 або 1604, Рагайне, Прусія—1666), картограф, ваенны інжынер, артылерыст. З 1621 вучыўся ў Каралявецкім ун-це. Паступіў на службу да караля польскага і вял. князя літоўскага Уладзіслава IV, ад якога атрымаў званне інжынера. У час падрыхтоўкі да вайны са Швецыяй у 1634—35 выканаў планы г. Пуцк, Тчэў, Грудзёндз, Гнеў, Шпіца Мантаўская, план абложанай шведамі Пілавы. У 1637 выканаў план Пуцкага заліва з фартыфікацыямі Уладзіславава і Казімірава. У 1638 пачаў працу над атласам «Практычная тапаграфія» («Topographicapractica»), куды ўвайшлі планы гарадоў і ўмацаванняў. З гарадоў ВКЛ склаў планы Коўна, Таўрогаў, Вярбілава, Вільні і яе прадмесця Лукішкі (1648). Арганізаваў рэканструкцыю ваенных умацавання Вільні. Як мяркуецца, кіраваў будаўніцтвам Віленскага артылерыйскага бастыёна. Пасля дзейнічаў на Украіне, удзельнічаў у бітве пад Берасцечкам 1651 з казакамі. Оберштлейтэнант (1654). Пасля ўзяцця шведамі Кракава ў 1655 паступіў на шведскую службу, камандаваў артылерыяй пры аблозе Яснай Гуры. Пасля перайшоў на бок караля польскага і вял. князя літоўскага Яна ІІ Казіміра, удзельнічаў у 1658 у аблозе занятай шведамі Торуні. Палкоўнік артылерыі (1658). З 1660 жыў у Львове, дзе падчас пажару горада ў 1662 страціў сваі навуковыя працы, прызначаныя да друку. Сябраваў з К.Семяновічам, які ўсваёй кн. «Вялікае мастацтва артылерыі» апісаў артылерыйскія вынаходніцтвы Г., назваў яго «польскім Архімедам».

Літаратура:

Зенкович А.Ф. План г. Вильны 1648 года // Зап. Сев.-Зап. отдела Императорского Русского Географического Общества. Вильна, 1914. Кн. 4;

Alexandrowicz S. Rozwój kartografii Wielkiego Księstwa Litewskiego od XV do połowy XVIII wieku. 2 wyd. Poznań, 1989;

Reweńska W. Plan Wilna Fryderyka Getkanta: Analiza kartograficzna // Lituano-Slavica Posnaniensia. Poznań, 1995. T. 6.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.