Артыкулы: Глеб
Глеб (?—пасля 1258), князь ваўкавыскі ў сярэдзіне 13 ст. Відаць, належаў да дынастыі гарадзенскіх князёў. Каля 1255 аддаў дачку (Алену?) замуж за Рамана Данілавіча, князя новагародскага і слонімскага (яго 2-і шлюб). Зімой 1255—56 удзельнічаў у вял. паходзе на яцвягаў Данілы Раманавіча, сярод удзельнікаў былі Леў, Шварн і Раман Данілавічы, свіслацкі князь Ізяслаў, мазавецкі князь Земавіт, войскі польскага князя Баляслава з Сандаміра і Кракава. Літоўскія князі Войшалк і Таўцівіл у адказ за ўдзел галіцка-валынскіх князёў у паходзе мангола-татарскіх войск Бурундая на Верхняе Панямонне і Нальшчанскую зямлю у 1258 адбілі Новагародак, захапілі ў палон Рамана Данілавіча і, відаць, забілі яго. Даніла Раманавіч, шукаючы сына, рушыў у Панямонне, узяў Ваўкавыск, дзе спадзяваўся захапіць Войшалка і Таўцівіла, аднак паланіў толькі Г., якога трымаў «во чести». Гэта звестка паказвае на тое, што Г. быў васалам ці саюзнікам літоўскіх князёў. Далейшы лёс Г. невядомы. Некат. гісторыкі атаясамлівалі Г. са сцепанскім князем Глебам.
© Валерый Пазднякоў, 2005
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


