Артыкулы: Гольша
Гольша (Голшис), легендарны князь. Паводле бел.-літ. летапісаў, быў 3-м або 4-м сынам князя літоўскага, жамойцкага і рускага Рамана. Пасля смерці бацькі перайшоў раку Велью, знайшоў прыгожае месца на рацэ Вільні за мілю ад вусця Вельі, насупраць Раканцішак, і пабудаваў там горад, названы сваім імем Гольша (Гальшаны). У хуткім часе, у час палявання, знайшоў за 10 міляў ад гэтага горада прыгожае месца над ракой Карабель, перанёс туды свой горад і пачаў называцца князем Гальшанскім. Удзельнічаў у міжусобіцы паміж сваімі братамі Нарымонтам і Даўмонтам на баку апошняга. Паведамляецца, што меў сына Альгімонта. Відаць, легенда пра Г. была ўключана ў летапісы, каб абгрунтаваць княжацкае паходжанне роду Гальшанскіх.
Літаратура:
Улащик Н.Н. Введение в изучение белорусско-литовского летописания. М., 1985.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


