Артыкулы: Грушэцкі Антон Ігнат Юзаф
Грушэцкі Антон Ігнат Юзаф (псеўд. А.Дамброўскі; 1734, Валынь—1798), жывапісец. Творчасць звязана з мастацкім жыццём Украіны, Польшчы і Беларусі. Прадстаўнік позняга барока. Жывапісу вучыўся ў Камянцы-Падольскім і Львове. Уступіў у базыльянскі ордэн, у 1760 выйшаў з яго і пераехаў у Кракаў, дзе атрымаў правы цэхавага майстра. У гэты перыяд стварыў партрэт рэктара Кракаўскага ун-та К.Ярмундовіча, карціны «Самсон і Даліла», «Лот з дочкамі», аформіў алтар бернардзінскага касцёла ў Альверні. У 1770 пераехаў у Супрасль, потым у Гародню, дзе ўдзельнічаў у стварэнні (каля 1774) дэкаратыўнай кампазіцыі для інтэр’ераў Гарадзенскага палаца Тызенгаўза і Гарадзенскага кляштара бернардзінцаў (1788, з Ф.Міхалкевічам). Сярод работ 1770-х г.: «Святы Еранім», «Алегорыя вернасці», «Мужнасць святога Варфаламея», «Рознакаляровыя львы», «Забавы німфаў», абразы святых Антонія, Францыска і інш.
Літаратура:
Mańkowski T. Antoni Ignacy Dombrowski, malarz krakowski 2 poł. XVIII w. // Sprawozdania z Czynności i Posiedzień Akademii Umiejętności w Krakowie. 1949. № 4;
Ryszkiewicz A. Malarz Antoni Gruszecki vel Dombrowski bazylianin w Supraślu // Rocznik Białostocki. Białystok, 1967. T. 7;
Kuty D.J. Etapy budowy pobernardyńskiego kościoła w Grodnie // Sztuka ziem wschodnich Rzeczypospolitej XVI—XVIII w. Lublin, 2000;
BieliauskasP. Valkininkų bažnyčiairvienuolynas. Trakai, 2004.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


