Артыкулы: Гурніцкі Лукаш

Гурніцкі Лукаш (1527, г. Асвенцім, Польшча—22.7.1603), гуманіст, пісьменнік, бібліятэкар. З мяшчанскай сям’і (прозвішча Гура). Мяркуецца, што сярэднюю адукацыю атрымаў у Кракаве, а вышэйшую — у Падуі. Як дваранін кракаўскага біскупа і падканцлера кароннага С.Мацяёўскага ўдзельнічаў у пасольстве ў Трансільванію (1545). З 1550 пры двары біскупа А.Забжыдоўскага, з 1552 пісар у каралеўскай канцылярыі, суправаджаў Жыгімонта Аўгуста ў Гданьск, Каралявец, ВКЛ, у 1553 у складзе пасольства ў Вену. У 1561 атрымаў шляхецтва з гербам «Агоньчык» і прыняў духоўны сан. З 1559 каралеўскі сакратар, потым бібліятэкар у Вільні, з 1565 у каралеўскай рэзідэнцыі ў Тыкоціне. Тут напісаў кн. «Польскі дваранін» («Dworzaninpolski», Кракаў, 1566) на аснове твора італьянскага гуманіста Б.Кастыльёне «Прыдворны», дзе выклаў свой ідэал чалавека эпохі Адраджэння. Як узнагароду за кнігу атрымаў ад Жыгімонта Аўгуста Тыкоцінскае стараства (1571) і ад Стафана Баторыя — Васількаўскае стараства (1576). Супраць шляхецкага свавольства скіраваны трактат Г. «Размова паляка з італьянцам пра польскія вольнасці і законы» («RozmowaPolakazWłochemowolnościachiprawachpolskich», без месца і года выдання, 2 выд. Кракаў, 1616). Праект рэформ дзярж. ладу выклаў у кн. «Дарога да поўнай вольнасці» («Drogadozupełnejwolności», Эльбланг, 1650). Займальныя гісторыі пры двары Жыгімонта Аўгуста апісаў у кн. «Гісторыі ў Кароне Польскай» («DziejewKoroniePolskiej», Кракаў, 1637). Аўтар філасофска-маральнага дыялога «Сакратаўскі дэман», пабудаванага як размова чорта са злачынцам («DemonSocratis, alboRozmowazłodziejazczartem», 1624). Пісаў вершы, пераклаў на польск. мову трагедыю Сенекі «Траянкі» («Troas», Кракаў, 1589) і яго трактат «Пра дабрачыннасць» («Rzeczodobrodziejstwach», Кракаў, 1593). Падтрымліваў сувязі з віленскім біскупам А.Валовічам і падскарбіем надворным ВКЛ Г.Валовічам, каралеўскім сакратаром П.Весялоўскім, сябраваў з паэтам Я.Каханоўскім.

Творы:

Pisma. T. 1—2. Warszawa, 1961.

Літаратура:

Kozielewski I. Łukasz Górnicki: Studium historycznoliteracki. Lwów, 1929;

Chróściechowski J. Poglądy filozoficzno-prawne Łukasza Górnickiego. Warszawa, 1938;

LichańskiJ.Z. ŁukaszGórnicki — sarmackiCastiglione. Warszawa, 1998.

© Валерый Пазднякоў, 2005

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.