Артыкулы: Гурчын Даніла Аляксеевіч

Гурчын Даніла Аляксеевіч (Гурчин Даниил Алексеевич) (2-я пал. 17—пач. 18 ст.) — расійскі аптэкар і паэт.

Мяркуецца, што паходзіў з ВКЛ. Абставіны яго з’яўлення ў Расіі невядомы. Магчыма, гэта адбылося ў выніку паступстваў вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—1667 або Гурчын быў у ліку замежных лекараў, запрошаных Пятром І на службу ў Расію. У канцы 17 ст. Гурчын жыў у Маскве ў служыў у Царскай аптэцы. У 1699 яму была даравана зямля пад аптэку на Мяніцкай вуліцы, якую ён збудаваў на ўласныя сродкі. Пасля звярнуўся да Пятра І з просьбай аб жалаванай грамаце на аптэку, якую атрымаў у 1701. Стаў другім прыватным уладальнікам аптэкі ў Маскве, назваў сябе «аптэкарам царскай вялікасці». Склаў рукаводствы для хатняга лячэння «Аптечка обозовая или служилого чина людей и их коней», «Аптечка домовая большая, которою всяк человек, егда лекаря нет, может помощь дать не токмо себе, но и всякой скотине во всяких немощах» (абодва 1708).

Пісаў вершы, з якіх захваўся адзіны твор — польскамоўны панегірык «Триумф польской музы по одержании над шведами и их союзниками под Калишем победы» (Масква, 1706), дзе ўсхваляюцца Пётр І і А.Д.Меншыкаў за перамогу над шведамі ў Калішскай бітве 1706, што адбылася ў час Паўночнай вайны 1700—1721. Выданне панегірыка — цэльнагравіраванае, упрыгожана выявамі Пятра І, бітвы, планам Санкт-Пецярбурга. Тэкст быў набраны не толькі польскім алфавітам, але і кірыліцай. Некаторыя даследчыкі лічылі, што кірылічная частка кнігі — беларускі тэкст (Вукал Ундольскі). Гэта кніга стала першым выданнем на замежнай мове, што выйшла ў Расіі.

Падрабязнасці:

Ундольский В.М. Очерк славяно-русской библиографии: Хронологический указатель славяно-русских книг церковной печати с 1491-го по 1864-й г. М., 1871.

Орешников А.В. Даниил Гурчин, московский аптекарь начала XVІІІ столетия // Сборник статей в честь графини П.С.Уваровой. М., 1916.

Щавинская Л.Л. Московская ода Даниила Гурчина // Здабыткі: Дакументальныя помнікі на Беларусі. Мн., 2007. Вып. 9. С. 85—94, ил.

Лабынцев Ю.А., Щавинская Л.Л. Московский «Tryumf polskiey muzy» // Русская культура в польском сознании. М.: Институт славяноведеня РАН, 2009. С. 116—121.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.