Артыкулы: Густынскі летапіс
Густынскі летапіс — украінскі летапіс 1-й паловы 17 ст.
Асвятляе гісторыю Украіны і вакольных зямель ад легендарных часоў да 1597. Першы гістарыяграфічны твор, які цалкам прысвечаны гісторыі Украіны. Напісаны на стараўкраінскай мове ў 1620-х—1630-х гг. у Кіеве ў колах праваслаўных інтэлектуалаў. Арыгінал не збярогся, існуе 8 спісаў. Назва Г.л. паходзіць ад Густынскага Троіцкага манастыра (цяпер с. Густыня Прылуцкага р-на Чарнігаўской вобл.), дзе захоўваўся яго спіс, зроблены ў 1670 іераманахам Міхаілам Ласіцкім. 1-я частка летапісу блізкая па змесце да Іпацьеўскага летапісу, змяшчае ўнікальныя ўзвесткі, верагоднасць якіх, аднак, сумнеўная. Тут знаходзіцца адзінае паведамленне пра тое, што літоўскі кн. Міндоўг прынял хрышчэнне па праваслаўным абрадзе, якое адвяргаецца вучонымі. 2-я частка Г.л. ахоплівае падзеі 1300—1597, вызначаецца лаканічнасцю. Пры яе напісанні быў выкарыстаны Васкрасенскі летапіс, візантыйскія і польскія хронікі. Асвятляе палітыку ВКЛ і Польшчы на ўкраінскіх землях, напады крымскіх татараў і таркаў. Заканчваецца асобнымі артыкуламі «Пра пачатак казакоў», «Пра ўвядзенне новага календара», «Пра унію, як пачалася ў Рускай зямлі». Мае ярка выражаную антыкаталіцкую і антыпольскую скіраванасць, якая часам прыводзіць да скажэння фактаў (так, сцвярджаецца, што мітрапаліт Ісідор, які заключыў унію з каталіцкай царквой, быў спалены па рашэнні праваслаўнага сабора).
Публікацыі:
Полное собрание русских летописей. Т. 2. СПб., 1843.
Полное собрание русских летописей. Том сороковой. Густынская летопись. СПб.: ДБ, 2003. 201 с.
Густинський літопис / Упорядник та автор передмови Олексій Толочко. Б.м.: Український Науковий Інститут Гарвардського Університету, 2013. (Гарвардська Бібліотека Давнього Українського Письменства. Корпус текстів. Том XI). CXCVIII, 421 с., іл.
Падрабязнасці:
Єршов Анатолій. Коли й хто написав Густинський літопис? // Записки Наукового товариства імені Шевченка. Т. С. Ч. ІІ. У Львові, 1930. С. 205—211.
Мишко Д.І. Густинський літопис, як історичне джерело // УІЖ. 1971. № 4.
Толочко Олексій. Де було написано Густинський літопис? // Історія, історіософія, джерелознавство. (Статті, розвідки, замітки, есе). Київ: Інтел, 1996. 353 с. (С. 4—20).
Толочко О.П. Текстологічні спостереження над збірниками, що містять Густинський літопис. (До питання про реконструкцію архетипу) // Український археографічний щорічник. Київ, 1999. Вип. 3/4. С. 141—168.
Suszko Henryk. Latopis hustyński. Opracowanie, przekład i komentarze. Wrocław: Wydawnictwo Uniwersytetu Wrocławskiego, 2003. 347 s.
© Валерый Пазднякоў, 2010+
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


