Артыкулы: Гучы (Gucci) Санці
Гучы (Gucci) Санці (каля 1530, Фларэнцыя—каля 1600), архітэктар, скульптар. Паходзіў з сям’і мастакоў. Пачаў творчую дзейнасць у Італіі ва ўзросце 17 гадоў. Працаваў у стылі позняга Рэнесансу і маньерызму, вял. уплыў на яго творчасць аказалі нідэрландскія ўплывы. З 1558 у Польшчы. Ад караля польскага і вял. князя літоўскага Стафана Баторыя атрымаў тытул муляра яго каралеўскай міласці (меў яго прынамсі з 1575). Удзельнічаў у будаўніцтве замкаў у Непаламіцах (1558), Яноўцы (1565—85), кіраваў перабудовай замка ў Лобзаве (1585—87). У 1591 на службе ў канцлера Яна Замойскага ў Варшаве. Аўтар праекта замка Ляшчынскіх у Баранаве. У Гародні пабудаваў сінагогу, фарны касцёл («фара Вітаўта»). Удзельнічаў у перабудове Гарадзенскага Старога палаца ў канцы 16 ст. Е.Лілейка мяркуе, што Г. ўдзельнічаў і ў пабудове іншай каралеўскай рэзідэнцыі ў ВКЛ — Гарадзенскага Баторыеўскага палаца. Па заказу каралевы Ганны Ягелонкі стварыў надмагілле Стафана Баторыя ў яго пахавальнай капліцы ў Кракаўскім кафедральным касцёле (1594—95).
Літаратура:
Sinko-Popielowa K. SantiGucciFlorentinoijegoszkoła. Kraków, 1933;
FischingerA. SantiGucciarchitektirzeźbiarzkrólewski XVI wieku. Kraków, 1969;
Kozakiewiczowa H. Renesans w Polsce: Santi Gucel — architekt i rzeźbiarz. 2 wyd. Warszawa, 1984;
Lileyko J. Przebudowa grodzieńskich pałaców Batoriańskiego i Sapieżyńskiego na gmach sejmowy w 1717—1718 roku // Między Padwą a Zamościem: Studia z historii sztuki i kultury nowożytnej ofiarowane Profesorowi Jerzemu Kowalczykowi. Warszawa, 1993.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


