Артыкулы: Жаброўскі Тамаш
Жаброўскі Тамаш (25.11.1714, каля Новагародка—18.3.1758), архітэктар, матэматык. Магістр філасофіі і свабодных навук (1752). Скончыў Віленскую акадэмію. У 1732 у Вільні ўступіў у ордэн езуітаў, у 1743 пасвячоны ў святары. Прафесар рыторыкі і паэтыкі ў Ілукшце (Курляндыя, 1745—46), прэфект будаўніцтва ў Бабруйску (1746), праф. філасофіі і прэфект бурсы ў Крожах (1746—48), міністр і прэфект будаўніцтва ў Вільні (1748—50). У 1750—52 вывучаў матэматыку, астраномію і архітэктуру ў Празе і Вене. Пасля вяртання ў 1752 у Віленскай акадэміі стварыў матэматычны і эксперыментальнай фізікі кабінеты (факультэты) і астранамічную абсерваторыю, а таксама выкладаў у ёй матэматыку і дакладныя навукі. Зрабіў спробу вызначыць геагр. шырыню Вільні. Як архітэктар распрацаваў планы шматлікіх касцёлаў і палацаў. Кіраваў будаўніцтвам касцёлаў у Бабруйску і Ілукшце, перабудовай касцёлаў св. Ігнація і св. Яна і будаўніцтвам астранамічнай абсерваторыі ў Вільні. Аўтар праекта касцёла бенедыкцінак у Крожах і езуіцкага калегіума ў Жодзішках.
Літаратура:
Zubovas V. Uzupełnienia do biografii Tomasza Żebrowskiego // Biuletyn historii sztuki. 1978. № 3;
Яго ж. Działalność architektoniczna Tomasza Żebrowskiego // Lituano-Slavica Posnaniensia. Poznań, 1992. T. 5.
© Валерый Пазднякоў, 2005
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне