Артыкулы: Жабы
Жабы, шляхецкi род герба «Касцеша». Мелi маёнткi ў Полацкiм, Вiцебскiм, Мсцiслаўскiм, Смаленскiм i Новагародскiм ваяв. Род паходзiць ад смаленскага баярына Канстанцiна Жабы, якi жыў у канцы 15 ст. i пакiнуў 3 сыноў: Сямёна, Васiля i Iвана. Сенатарская галiна роду па мужчынскай лiнii згасла ў 19 ст., прозвiшча Ж. перайшло да роду Марцiнкевiчаў. У Рас. iмперыi iншыя галiны роду занесены ў радаводныя кнiгi Вiцебскай i Ковенскай губ. Найб. вядомыя:
Сямён Канстанцiнавiч (?—пасля 1541), сын Канстанціна Жабы. У 1510 атрымаў пацвярджэнне ад вял. кн. Жыгiмонта I Старога на набытыя маёнткi ў Кернаўскай вол.; харужы кернаўскi ў 1526—41. У 1528 ставiў у войска ВКЛ 8 вершнiкаў. Меў сыноў Юрыя, Кандрата, Барыса, Багдана, Iвана, дачку Ганну.
Юрый Сямёнавiч (?—пасля 1550), сын Сямёна Канстанцiнавiча. Харужы кернаўскi ў 1546—50.
Барыс Сямёнавiч (?—пасля 1550), сын Сямёна Канстанцiнавiча. Дваранiн каралеўскi ў 1547—50.
Багдан Сямёнавiч (?—пасля 1556), сын Сямёна Канстанцiнавiча. Дваранiн каралеўскi ў 1549, харужы кернаўскi з 1556.
Васiль Канстанцiнавiч (?—да 1547), сын Канстанціна Жабы. Падключы троцкi ў 1518—40. У 1528 ставiў у войска ВКЛ 2 вершнiкаў. Меў сыноў Iвана, Кузьму, Iлью i дачку.
Барыс (?—?), ротмiстр казацкай харугвы ў войску Стафана Баторыя, узначальваў у 1578 узяцце Дынабурга.
Ян Казiмiр (?—26.5.1754), сын Гераніма. Палкоўнiк гусарскі, рэгiментар войска (намеснiк гетмана) ВКЛ, пасол на соймы, дэпутат трыбуналаў. Ваявода менскi з 1724. У 1721 набыў маёнтак Ушачы. Пакiнуў сыноў Геранiма, Станiслава, Iгнацiя, Дзянiсiя, Францiшка.
Валерыян Антонiй (?—16.2.1753), сын Гераніма. Харужы гусарскі, пасол на соймы, маршалак Скарбовага трыбунала ВКЛ, стараста старадубскi, кашталян берасцейскі з 1731 i полацкi з 1736.
Ян (?—1747), сын Валерыяна Антонiя. Стараста старадубскi, палкоўнiк Старадубскага пав., пасол на соймы, маршалак Скарбовага трыбунала ВКЛ.
Тадэвуш (?—1790), полацкi кашталян з 1776 і ваявода з 1784.
© Валерый Пазднякоў, 2005
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне