Артыкулы: Жамойцкая рымска-каталіцкая епархія
Жамойцкая рымска-каталіцкая епархія, адм.-тэр. адзінка рымска-каталіцкай царквы. Рашэнне пра заснаванне епархіі па ініцыятыве вял. князя Вітаўта прыняў Канстанцкі сабор 1414—18. Выконваючы яго пастанову, львоўскі арцыбіскуп Ян Жашоўскі і віленскі біскуп Пётр з Варты 24.10.1417 у Медніках заснавалі епархію, устанавілі кафедральны касцёл, капітул з 6 канонікаў, пасвяцілі першага жамойцкага біскупа Мацея з Вільні. У той жа дзень фундуш біскупству выдаў Вітаўт. Відаць, першапачаткова епархія падначалена папе рымскаму, з 1427 — Гнезненскай мітраполіі. Ахоплівала Жамойць і частку Упіцкага пав. Цэнтр — Меднікі(Варні). У 15—16 ст. епархія называлася таксама Медніцкай. У 15 ст. ў епархіі 19 касцёлаў, у пач. 17 ст. — каля 50 касцёлаў, у 18 ст. — каля 200 касцёлаў (разам з філіямі). З 1587 існавалі 3 дэканаты, з 1636 — 6 дэканатаў.
Біскупы жамойцкія: Мацей з Вільні (1417—22), Мікалай Камеданус (1422—34), Пётр з Львова (1434—35), Якуб з Вільні (1436—39), Барталамей з Пултуска (1439—53), Ежы з Вільні (1453—64), Мацей з Таполі (1464—70), Барталамей Свірэнкавіч (1471—82), Марцін з Жамойці (1483—92), Марцін Янавіч Лінтфар (1492—1515), Мікалай Радзівіл (1515—30), Мікалай Вязгайла (1530—33), Ежы Талят (1533), Вацлаў Вярбіцкі (1534—55), Ян Даманоўскі (1555—63), Станіслаў Наркускі (1563—64), Віктар Вярбіцкі (1565—67), Ежы Пяткевіч (1567—74), Мельхіёр Гедройц (1575—1609), Мікалай Пац (1610—18), Станіслаў Кішка (1618—26), Абрагам Война (1626—31), Мельхіёр Эляшэвіч-Гейш (1631—33), Ежы Тышкевіч (1633—49), Пётр Парчэўскі (1649—59), Аляксандр Казімір Сапега (1660—67), Казімір Пац (1667—95), Ян Геранім Крышпін-Кіршэнштэйн (1695—1708), Ян Мікалай Згерскі (1710—13), Павел Францыск Бярнард Сапега (1715), Аляксандр Мікалай Гарайн (1716—35), Юзаф Міхал Карп (1736—39), Антоній Тышкевіч (1740—62), Ян Дамінік Лапацінскі (1762—78), Стафан Ян Гедройц (1778—1802).
Літаратура:
CodexMednicensisseuSamogitiaediocesis. P. 1—2. Roma, 1984—89;
BłaszczykG. Fundacje i fundatorzy klasztorów diecezji żmudzkiej w XVII i XVIII wieku // Lituano-Slavica Posnaniensia. Poznań, 1985. T. 1;
Яго ж. Diecezja żmudzka od XV do początku XVII w.: Uposażenie. Poznań, 1992;
Яго ж. Diecezja żmudzka od XV do początku XVII w.: Ustrój. Poznań, 1993.
© Валерый Пазднякоў, 2005
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне