Артыкулы: Жамойцкія паўстанні

Жамойцкія паўстанні, узброеныя выступленні жыхароў Жамойці.

Паўстанне 1401 выклікана незадавальненнем палітыкай улад Нямецкага ордэна, якому Жамойць перададзена паводле Салінскага дагавора 1398. Жамойты адрэзалі крыжакоў ад асноўных сіл і спалілі іх 2 новыя замкі. Была захоплена Клайпеда (Мемель). Асабліва ўпарта засіллю крыжакоў, увядзенню паншчыны супраціўляліся свабодныя сяляне, якія складалі большасць насельніцтва краю. Пасля выгнання крыжакоў Жамойць аб’ядналася з ВКЛ. Аднак на баку ордэна выступіў князь Свідрыгайла, войска якога разам з крыжацкім дайшло да Вільні (1402). Намаганні вял. князя літоўскага Вітаўта захапіць Жамойць не мелі поспеху. Паводле Рацёнжскага дагавора 1404 Жамойць зноў перададзена Нямецкаму ордэну.

Паўстанне 1409 стала працягам ранейшай барацьбы жамойтаў з крыжакамі. Пачалося 31 мая. Яго неафіцыйна падтрымаў Вітаўт, які прыслаў на дапамогу атрад коннікаў. Паўстанцы выгналі крыжакоў з гал. замкаў і пачалі наступленне на Клайпеду. Вызваленая Жамойць прызнала ўладу Вітаўта. У руках Нямецкага ордэна засталіся прыбярэжныя землі з Клайпедай. Дапамога ВКЛ жамойтам стала адной з прычын Вялікай вайны 1409—11 і Грунвальдскай бітвы 1410.

Паўстанне 1418 выклікана ўзмацненнем феад. эксплуатацыі былых вольных дзярж. сялян на землях, падараваных Вітаўтам жамойцкім баярам, і ўвядзеннем павіннасцей на карысць каталіцкай царквы (пасля пачатку хрышчэння жамойтаў у 1413). Паўстанне пачалося ў Расейнскай вол., пасля ахапіла Медніцкую і Кнетаўскую воласці. Сяляне нападалі на баяр, рабавалі іх маёнткі, палілі касцёлы. Была зроблена спроба захапіць Клайпеду. Вітаўт і жамойцкі стараста Кезгайла (Міхал) паўстанне хутка падавілі, шмат яго ўдзельнікаў пакарана смерцю. Гэта было першае антыфеад. паўстанне сялян ВКЛ.

Паўстанне 1535—37 было вынікам праведзенай вял. князем Жыгімонтам Старым замены ў некат. жамойцкіх валасцях натуральнага аброку і павіннасцей грашовымі паборамі. З-за слабага развіцця таварнай вытворчасці і гандлю ў сялян узніклі цяжкасці з выплатай грошай. Нарада кіраўнікоў паўстанцаў адбылася ў Цельшах. Сяляне забівалі намеснікаў, цівуноў, баяр. Паўстанне было задушана татарскімі атрадамі войска ВКЛ.

© Валерый Пазднякоў, 2005

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.