Артыкулы: Жослі
Жослі (літ. Жасляй, Žasliai, цяпер мястэчка ў Кайшадорскім р-не, Літоўская Рэспубліка), мястэчка ў Троцкім пав., на беразе воз. Жосле. Згодна паданню, запісанаму ў бел.-літ. летапісах і храністам 16 ст. Мацеем Стрыйкоўскім, легендарны літоўскі князь Кукавойт у паставіў каля воз. Жосле на ўспаміна па сваёй маці Паяце, дачцы Кернуса, яе драўляную фігуру, якую мясцовы люд лічыў багіняй; калі фігура спарахнела, на тым месцы выраслі ліпы, якія таксама лічыліся богам. У 15 ст. Ж. валодалі паны Нацы. Ян (?) Нац заснаваў парафіяльны касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі, св. Яна і св. Барбары (асвячоны віленскім біскупам Мікалаем з Дзежкава, 1453—67). Яго сыны Міхал і Ян павялічылі касцельны фундуш. Касцёл існаваў да 17 ст., у 18 ст. пабудаваны новы. Відаць, у канцы 15 ст. Ж. перайшлі ва ўладанне роду Гаштольдаў. Належалі канцлеру Альбрэхту Гаштольду, які перадаў іх у пажыццёвае валоданне сваёй жонкі Соф’і з роду князёў Вярэйскіх. Пасля выгасання роду Гаштольдаў (1540-я г.) Ж. перайшлі да вял. князя літоўскага Жыгімонта Аўгуста, які запісаў іх сваёй жонцы Барбары Радзівіл. У 1557 Ж. — гаспадарскае ўладанне, цэнтр воласці. У 1562 Жосленская дзяржава аддадзена ў трыманне пану Лукашу Леньскаму. На Радзівілаўскай карце 1613 пазначана як мястэчка. У 18 ст. Ж. былі цэнтрам нягродавага стараства, якое перадавалася ў трыманне магнатам. У 2-й пал. 18 ст. імі валодаў канцлер Іахім Храптовіч. 12.1.1792 Ж. атрымалі прывілей ка магдэбургскае права і герб з выявай снапа пшаніцы, над ім 2 ангелы, што трымаюць лаўровы вянок, усярэдзіне якога дэвіз «Ex mancipio libertas». Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у складзе Рас. імперыі.
Літаратура:
Любавский М. Литовско-русский сейм. Опыт по истории учреждения в связи с внутренним строем и внешнею жизнью государства. М., 1900.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне