Артыкулы: Жыжмары
Жыжмары (літ. Жэжмарай, Žiežmariai, цяпер мястэчка ў Кайшадорскім р-не, Літоўская Рэспубліка), мястэчка ў Троцкім пав., на р. Стрэва. Упершыню ўпамінаюцца ў 1495 як велікакняжацкае ўладанне, якое вял. князь літоўскі Аляксандр даў сваёй жонцы Алене Іванаўне. Пасля яе смерці ў 1513 Ж. перададзены вял. княгіне літоўскай і каралеве польскай Боне. У пач. 16 ст. пабудаваны драўляны касцёл св. Якуба-апостала, пры якім існавала школа. У 1522 Ж. упамінаюцца як горад. У 1518 Ж. былі ў заставе ў Яна Глябовіча, які саступіў іх у 1519 Яну Завішы, з 1524 застаўным трымальнікам Ж. быў Павел Нарушэвіч, потым Сапегі і інш. У 1534 Ж. перададзены збегламу маскоўскаму князю С.Ф.Бельскаму (гл. ў арт. Бельскія), у 1549 — вял. княгіне літоўскай і каралеве польскай Барбары Радзівіл. У 1620 касцёл згарэў, быў адбудаваны, пасля разбураны разам з мястэчкам у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67, яшчэ раз адбудаваны ў 1672. Мястэчка яшчэ раз было разбурана ў час Паўночнай вайны 1700—21. Хутка пасля 1740 касцёл зноў згарэў, у 1744 пабудаваны новы. У 16—18 ст. Ж. былі цэнтрам нягродавага староства, якое звычайна знаходзілася ў трыманні магнатаў. У 1768 Ж. перададзены соймам у прыватную ўласнасць Пацеяў узамен за іх маёнтак Парэчча ў Полацкім ваяв., а Чатырохгадовым соймам 1788—92 абвешчаны вольным каралеўскім горадам. 14.2.1792 Ж. атрымалі ад караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага права на самакіраванне і герб з выявай святога біскупа Станіслава. У 1777 Ж. сталі «цэнтрам» Старадубскага пав., месцам правядзення соймікаў старадубскай шляхты-эгзулянтаў. Ініцыятарам перанясення «цэнтра» Старадубскага пав. з Вільні ў Ж. стаў надворны падскарбі ВКЛ А.Тызенгаўз, які спадзяваўся такім чынам кантраляваць старадубскую шляхту. Гэта рашэнне пацвердзіў у 1791 Чатырохгадовы сойм 1788—91, і дзейнічала яно да часу скасавання ў 1793 Старадубскага пав. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Ж. у складзе Рас. імперыі.
Літаратура:
Miškinis A. Lietuvos urbanistikos paveldas ir jo vertybės. 2 t., 2 kn. Vilnius, 2005.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне