Артыкулы: задворны асэсарскі суд
задворны асэсарскі суд — адзін з вышэйшых судоў ВКЛ, які разглядаў пераважна справы, што датычылі дзяржаўных уладанняў і магдэбургскіх гарадоў.
Вылучыўся ў 16 ст. з гаспадарскага суда, разглядаў малазначныя і пільныя справы (больш важныя разглядаліся ў час соймаў Радай Вялікага Княства Літоўскага). У 16 ст. называўся суд дворны, урад дворны судовы, двор гаспадарскі, суд ураднікаў гаспадарскіх, з канца 16—пач. 17 ст. — суд задворны, суд задворны асэсарскі, асэсорыя.
Функцыянаваў ў месцы знаходжання і паводле даручэння вялікага князя (караля), судзіў ад яго імя. Першапачаткова складаўся з канцлера (падканцлера) і 3—6 суддзяў (асэсараў) з радных паноў, якія прызначаліся манархам на пэўны тэрмін, і разглядаў усе справы, вызначаныя гаспадаром. У некаторых выпадках прасіў у вялікага князя «навуку» (інструкцыю), манарху падаваліся і апеляцыі. Пасля ўтварэння Трыбунала Вялікага Княства Літоўскага (1581), на разгляд якога паступалі судовыя справы шляхты, у кампетэнцыі задворнага асэсарскага суда засталіся цяжбы, што непасрэдна датычылі дзяржаўных уладанняў і магдэбургскіх гарадоў (іх насельніцтва і адміністрацыі). У сувязі з існаваннем суда рэферэндара сялянскія цяжбы не займалі значнага месца ў задворным асэсарскім судзе. Ён у асноўным разбіраў іскі шляхты, звязаныя з кіраваннем стараствамі і эканоміямі, цяжбы магістратаў, цэхаў, мяшчан-купцоў. Пасля «ўраўнавання правоў» 1697 задворны асэсарскі суд дзейнічаў на аднолькавых падставах з аналагічным судом Польшчы, склікаўся ў час працы соймаў. Шляхта дамагалася сталага суда і свайго прамога прадстаўніцтва ў ім. У 1736 Аўгуст ІІІ дазволіў канцлеру (падканцлеру) ВКЛ выконваць судаводства не толькі ў Варшаве, але і ў Гародні, Берасці незалежна ад сесій соймаў і без удзелу караля. З ліквідацыяй у 1764 рэферэндарскага суда доля сялянскіх спраў, якія падаваліся ў задворны асэсарскі суд, значна вырасла.
У 1766 сойм зацвердзіў статут суда — «Ардынацыю задворнага асэсарскага суда Вялікага Княства Літоўскага». Месцам яго сесій вызначаны Варшава, Гародня, Берасце і Менск. Суд склікаў яго старшыня — канцлер (падканцлер) ВКЛ. У склад суда ўваходзілі сакратар вялікі, рэферэндар, пісар вялікі, асэсары (засядацелі), з правам дарадчага голасу — інстыгатар, віцэ-інстыгатар, рэгенты вялікай і меншай канцылярый ВКЛ, пісар дэкрэтавы, які загадваў канцылярыяй. Асэсараў выбіралі на сойме са свайго асяроддзя сенатары (2 чал.) і паслы (10 чал.). Рашэнні прымаліся большасцю галасоў. Суду сталі падсудныя ўсе справы, якія раней вырашалі гаспадар і Рада ВКЛ і якія не ўвайшлі ў кампетэнцыю соймавага суда, Трыбунала ВКЛ, Скарбовага трыбунала ВКЛ: справы магдэбургскіх судоў, у т.л. тыя, што датычылі прывілеяў гарадам, справы паміж мяшчанамі, шляхтай і духоўнымі асобамі; справы дзярж. сялян, у т.л. іх цяжбы з трымальнікамі дзяржаўных уладанняў і памежныя справы дзяржаўных уладанняў з шляхецкімі і царкоўнымі; справы аб ленных маёнтках; справы пра парушэнне рэгальных правоў манарха шляхтай або духоўнымі асобамі; справы людзей убогіх і інш. Для вырашэння спрэчак суд ствараў спецыяльныя камісіі — камісарскія суды, куды ўваходзілі прадстаўнікі абодвух бакоў. Рашэнні гэтых судоў маглі быць абскарджаны ў задворным асэсарскім судзе. Вырашэнне цяжбаў адміністрацыі дзяржаўных уладанняў з сялянамі і мяшчанамі засталося ў распараджэнні старшыні суда. Задворны асэсарскі суд быў вышэйшай (апеляцыйнай) інстанцыяй для магдэбургскіх судоў ВКЛ. Сесіі (кадэнцыі) суда адбываліся з 1 лістапада да 1 мая.
У 1791 Чатырохгадовы сойм 1788—1792 увёў у склад суда 3 асэсараў — прадстаўнікоў мяшчан. Закон «Аб парадку гарадскіх судоў і асэсорыі» (кастрычнік 1791) устанавіў, што задворны асэсарскі суд ВКЛ — вярхоўны апеляцыйны суд для ўсіх цяжбаў мяшчан магдэбургскіх гарадоў са сталым месцам знаходжання ў Вільні; цяжбы сялян выключаны з-пад яго нагляду. Гарадзенскі сойм 1793 аднавіў ранейшую кампетэнцыю суда.
Падрабязнасці:
Леонтович Ф.И. Суд господарей и их советников в Великом княжестве Литовском до и после Люблинской унии // Журнал Министерства юстиции. 1909. № 7.
Тяжбы литовских крестьян и жителей местечек с управителями имений. Ч. 1—2. Вильнюс, 1959—1961.
© Валерый Пазднякоў, 2005
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне