Артыкулы: Заруцкі (Заруцкий) Іван Мартынавіч
Заруцкі (Заруцкий) Іван Мартынавіч (?, г. Тарпопаль—восень 1614), расійскі ваенны і дзяржаўны дзеяч. Паходзіў з простага роду. У дзяцінстве трапіў у татарскую няволю. Збег да данскіх казакоў, у якіх стаў атаманам. Са зяўленнем у межах Расіі Лжэдзмітрыя І прымкнуў да яго, разам з яго сіламі прыйшоў у Маскву (1605), а пасля яго гібелі (1606) вярнуўся на Дон. Узначаліў данскіх казакоў у паўстанцкіх войсках Івана Балотнікава, разам з якімі вытрымаў аблогу ў Туле. Адсюль быў пасланы на пошукі «цара Дзмітрыя». У Старадубе З. далучыўся да Лжэдзмітрыя ІІ і стаў блізкім яму чалавекам. За папаўненнем адправіўся на Дон, увесну 1608 прывёў у Арол 5-тысячны атрад. Быў адным з камандуючых войск Ілжэдзмітрыя ІІ у час новага паходу на Маскву. У 1609 спыніў войска Васіля Шуйскага на р. Хімка, уратаваўшы Тушынскі лагер самазванца. Атрымаў ад яго чын баярына. Пасля ўцёкаў у самазванца ў студз. 1610 у Калугу З. далучыўся да войск караля польскага і вял. князя літоўскага Жыгімонта ІІІ, што трымалі ў аблозе Смаленск (гл. Вайна Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18). У складзе войск Станіслава Жалкеўскага ён накіраваўся ў Масквы, але ў пуці пасварыўся з ім пайшоў у Калугу да Лжэдзмітрыя ІІ з якім быў да яго гібелі ў снеж. 1610. У пач. 1611 меркаваў далучыцца да войска Паўла Стафана Сапегі (гл. ў арт. Сапегі), з якім уступіў у перагаворы, але ўрэшце далучыўся са сваімі вайскамі да 1-га апалчэння 1611, стаў фактычным галавой земскага ўрада. У канцы 1611—пач. 1612 вёў пад Масквой ваенныя дзеянні супраць войск Рэчы Паспалітай. Аднак лічыў законным пераемнікам рас. трона малалетняга сына Лжэдзімітрыя ІІ (сябе бачыў рэгентам) і пачаў барацьбу з 2-м апалчэннем 1611—12. У ліп. 1612 са саімі казакамі і Марынай Мнішак пайшоў на Разаншчыну. У 1615 разбіты вайскамі цара Міхаіла Фёдаравіча пад Варонежам, збег у Астрахань, пасля на р. Яік, дзе быў выдадзены ўрадавым вайскам. Пакараны смерцю ў Маскве.
Літаратура:
Долинин Н.П. Подмосковные полки (казацкие «таборы») в национально-освободительном движении 1611—1612 гг. Харьков, 1958;
Станиславский А.Л. Гражданская война в России XVII в.: Казачество на переломе истории. М., 1990;
Тюменцева И.О. Смута в России в начале XVII ст.: движение Лжедмитрия II. Волгоград, 1999;
Каргалов В. Московские воеводы XVI—XVII вв. 2 изд. М., 2006.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне