Артыкулы: Зарэцкія

Зарэцкія — віленскія мяшчане, мецэнаты, дзеячы культуры.

Прозвішча да маёнтка Зарэчча (Пойсра) ва Упіцкім павеце[1]. Магчыма, былі адаптаваны Львом Сапегам, карысталіся яго гербам «Ліс».

Іван Сямёнавіч (?—да 2.9.1584) — віленскі бурмістр, скарбны гаспадарскі ў 1556—1584, ключнік віленскі ў 1558—1584, васкаўнічы ўпіцкі ў 1559—1584, падключы ўпіцкі ў 1567—1581, стараста ўпіцкі ў 1571—1584. У 1561 атрымаў прывілей Жыгімонта ІІ Аўгуста на пабудову «ку пожитку шпитальному» 2 вольных ад павіннасцей дамоў пасля пажару на зямлі Віленскай Спаскай царквы[2]. Валодаў некалькімі дамамі ў Вільні, некаторыя прадаў Луке Мамонічу. У 1561 атрымаў ад вялікага князя Жыгмонта Аўгуста сяло Вазніцы (Калеснікі) каля Свіран[3]. У 1571 купіў у татарына Абдулы вёску Ваўкагулы; яшчэ адну яе частку ўзяў у заклад ад жонкі Шчаснага Цікавага за 200 злотых, пасля саступіў сваё права Вацаву Агрыпе[4]. У 1572 купіў у Яна Мікалаевіча Бартковіча Кнеўбы зямлю на рацэ Кенка за 15 коп грошаў[5]. У 1578 купіў у Стажынскага дварэц Свіраны за 100 коп грошаў[6]. Маёнтак Свіраны заставіў свайму брату Зянону, які ў 1585 перадаў яго Л.Мамонічу за 3000 коп грошаў[7]. Меў маёнтак Гарабурдзішкі[8]. Лука Мамоніч ажаніўся з дачкой Івана Сямёнавіча і пасля яго смерці стаў скарбным гаспадарскім. У 1569 разам з Зянонам Зарэцкім прычыніўся да ўстанаўлення кантролю праваслаўных мяшчан Вільні над маёмасцю віленскіх цэркваў; па скарзе мітрапаліта гэту справу расследавалі каралеўскія камісары[9].

Падтрымліваў кантакты са многімі культурнымі дзеячамі: выхадцамі з Расіі старцам Арцеміем (вядома яго пасланне да Зарэцкага, накіраванае супраць католікаў), князем Андрэем Курбскім. Існуе меркаванне (А.І.Анушкін), што Іван Сямёнавіч ведаў Францыска Скарыну і купіў яго друкарню з камяніцай Якуба Бабіча. Каля 1571 у гэтай друкарні ці іншай (гл. Віленская друкарня Зарэцкіх) разам з братам Зіновіем выдаў «Часоўнік», падобны да выданняў Скарыны. Выданнем гэтай кнігі было адроджана віленскае кнігадрукаванне, заняпалае пасля ад’езду Скарыны. У пасляслоўях да Евангелля 1575 і Псалтыра 1576 браты Мамонічы адзначаюць, што кнігі надрукаваны па ініцыятыве і з дапамогай Івана Зарэцкага.

Яго жонка — Ганна Іванаўна Шышчанка[10].

Зянон (Зіновій) Сямёнавіч (?—каля 1590) — брат Івана Сямёнавіча. Пасол ад Вільні на сойм 1564[11]. Віленскі радца ў 1569, бурмістр у 1569[12]; васкаўнічы (1568—1582) і падключы віленскі (1581—1589/1590).

Яго дачка Марына выйшла замуж за Войцеха Стаброўскага, пісара польнага ВКЛ, і атрымала ад яго сёлы Забіце, Рэкеце, Скаўдайце, Імборы, Калупяны ў Жамойці[13].

Ганна Сямёнаўна Зарэцкаўна — жонка Івана Іванавіча Бакі, зямяніна Троцкага павета, падстарасты ўпіцкага, суддзі гродскага троцкага[14].

Ян Іванавіч — сын Івана Сямёнавіча. Земянін Упіцкага павета ў 1585—1586[15]. У 1596 прызнаў у Трыбунале ВКЛ пераход да Лукі Мамоніча маёнтка Свіраны і інш.[16]

Ян — генерал Віленскага ваяводства ў 1666—1669[17]. У 1667 служэбнік полацкай харужынай Тэклі Сухадольскай Раманавай Корсакавай[18].

Падрабязнасці:

Baliński Michał. Historya Miasta Wilna. Tom II. Zawierający dzieje miasta Wilna od początku rządow Swidrygajłły do śmierci Stefana Batorego, czyli od 1430—1586 roku. Wilno: Drukiem Antoniego Marcinowskiego, 1836. S. 121—122.

Собрание древних грамот и актов городов: Вильны, Ковна, Трок, православных монастырей, церквей и по разным предметам. Часть II. Вильно, 1843. С. 1.

Анушкин Л. Во славном месте виленском: Очерки из истории книгопечатания. М., 1962. С. 58—60.

Jaroszewicz-Pieresławcew Zoja. Druki cyrylickie z oficyn Wielkiego Księstwa Litewskiego w XVI—XVIII wieku. Olsztyn, 2003.309 s., il.

Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. Spisy. Tom I. Województwo wileńskie. XIV—XVIII wiek. / Pod redakcją Andrzeja Rachuby. Opacowali Henryk Lulewicz, Andrzej Rachuba, Przemysław P. Romaniuk przy współpracy Uładzimira Jemialianczyka i Andreja Macuka. Warszawa: DiG, 2004. 764 s.

Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. Spisy. Tom II. Województwo trockie. XIV—XVIII wiek. / Pod redakcją Andrzeja Rachuby. Opacowali Henryk Lulewicz, Andrzej Rachuba, Przemysław P. Romaniuk, Andrzej Haratym przy współpracy Andreja Macuka i Jaugiena Aniszczanki. Warszawa: DiG, 2009. 687 s.

АСД. 4. С. 237, 249; 7. С. 59; 10. С. 151—156; 13. С. 37.

© Валерый Пазднякоў, 2010, 2016


[1] АВАК. 26. С. 190—209, 355—356, 397, 411—412.

[2] АВАК. 9. С. 138—140.

[3] АСД. 10. С. 154.

[4] АСД. 10. С. 180—181.

[5] АСД. 10. С. 172.

[6] АСД. 10. С. 156.

[7] АСД. 10. С. 151, 164.

[8] АСД. 10. С. 179.

[9] АСД. 6. С. 41—42.

[10] АВАК. 26. С. 190—209, 355—356, 397, 411—412.

[11] АВАК. 10. С. 369.

[12] АСД. 6. С. 41.

[13] АВАК. 14. С. 457—463; 31. С. 208—209.

[14] АВАК. 30. С. 74—80, 83—84.

[15] АВАК. 26. С. 21, 45, 59, 82, 85, 86, 94, 119—120, 428—430, 432, 461—462, 473—474.

[16] АСД. 10. С. 151.

[17] АВАК. 15. С. 179, 511; 31. С. 405.

[18] АВАК. 15. С. 216.

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.