Артыкулы: Захар’ін (Кошкін-Захар’ін; Кошкин-Захарьин) Якаў Захаравіч

Захар’ін (Кошкін-Захар’ін; Кошкин-Захарьин) Якаў Захаравіч (?—1511), расійскі дзяржаўны і ваенны дзеяч. Сын маскоўскага баярына Захарыі Іванавіча Кошкіна. У 1485—93 наўгародскі намеснік вял. князя маскоўскага Івана ІІІ. У 1485 на чале наўгародскіх палкоў удзельнічаў у вял. паходзе Івана ІІІ на Цвер, які прывёў да падзення яе незалежнасці. Наўгародцы супраць З. арганізавалі змову, якая была выкрыта. Змоўшчыкі былі пакараны смерцю, на працягу 1487—89 больш за 7 тыс. наўгародскіх землеўласнікаў было выселена ў цэнтр. Расію. У 1488 і 1490 удзельнічаў у розыску і пакаранні ератыкаў-жыдуючых. У 1490 удзельнічаў у перагаворах з паслом германскага імператара Мікалаем Попелем. У пачатку вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1492—94 З. быў пасланы з войскам з Ноўгарада на паўн. раёны ВКЛ, у 1494 удзельнічаў у дапаможным пахадзе да вярхоўскіх князёў, якія перайшлі на бок Масквы. У 1492 да яго ў Ноўгарад звярнуўся полацкі намеснік Ян Забярэзінскі з прапановай вял. князя літоўскага заключыць шлюб з Аленай Іванаўнай, дачкой Івана ІІІ. Той праз З. паведаміў, што шлюб немагчыма заключыць да канца вайны. У 1495 З. узначальваў войска, пасланае на шведаў пад Выбарг, спустошыў яго акругу. У канцы 15 ст. намеснік паловы Кастрамы, потым пераведзены ва Уладзімір. У час вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1500—03 З. узначаліў галоўнае войска, якое 3.5.1500 рушыла з Масквы на Севершчыну, захапіла Бранск, Пуціўль і інш. гарады; пасля было накіравана на Пн. У 1502 адзін з кіраўнікоў пахода на Смаленск. Удзельнічаў у саключэнні перамір.я 1503. У пачатку вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1507—08 накіраваны з войскам да Мсціслаўля, спаліў пасады горада. Узначальваў войска (каля 50 тыс. чал.), якое 10.3.1508 рушыла да Смаленска, пасля пад Оршу.

Літаратура:

Кром М.М. Меж Русью и Литвой: Западнорусские земли в системе русско-литовских отношений конца XV—первой трети XVI в. М., 1995.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.