Артыкулы: Ігельстром (Igelström) Іосіф Андрэевіч
Ігельстром (Igelström) Іосіф Андрэевіч (Ота Генрых; 7.5.1737—18.2.1823), расійскі ваенны і дзяржаўны дзеяч; барон, з 1792 граф Свяшчэннай Рымскай імперыі. З інфлянцкага шляхецкага роду шведскага паходжання. Вучыўся ў Рызе, Германіі. У рас. арміі з 1753, з 1762 падпалкоўнік. У 1760-х г. у чыне палкоўніка служыў у Рэчы Паспалітай пад камандаваннем кн. М.В.Рапніна. У 1766 пасланы ў ВКЛ для схілення на бок Кацярыны ІІ магнатаў: Міхалам і Ігнація Масальскіх, Яна Дамініка і Мікалая Лапацінскіх, Ігнація Агінскага, Тадэвуша Бужынскага. Па загаду Рапніна ў кастр. 1767 арыштаваў групу антырасійскі настроеных дзярж. дзеячаў —біскупаў кракаўскага Каэтана Солтыка і кіеўскага Юзафа Анджэя Залускага, гетмана польнага і ваяводу кракаўскага Вацлава Жавускага, якія праз Вільню былі вывезены ў Расію ў зняволенне. Удзельнічаў у рас.-турэцкай вайне 1768—74, камандаваў рас. войскамі ў далучаным да Рас. імперыі Крыме. У 1784 па загаду Р.А.Пацёмкіна прымусіў апошняга крымскага хана Шагін-Гірэя выехаць у глыб Расіі. У 1784—92 І. — намеснік сімбірскі і ўфімскі. У 1790 у чыне ген.-паручніка прызначаны ў Фінляндскую армію, удзельнічаў у заключэнні Верэльскага міра. Атрымаў чын ген.-аншэфа, у 1792 намеснік пскоўскі, у 1793 — кіеўскі і чарнігаўскі. У канцы 1793 прызначаны падзвычайным і паўнамоцным паслом у Рэч Паспалітую. Ва ўмовах падрыхтоўкі паўстання патрыётамі Рэчы Паспалітай І. праводзіў асцярожную палітыку, па патрабаванні мясцовых уладаў зменшыў рас. гарнізон у Варшаве. Гэта аблегчыла паспех паўстання ў Варшаве, адкуль І. здолеў вывесці толькі каля 250 чал. Нерашучасць І. выклікала незадаволенасць Кацярыны ІІ, і ён быў адпраўлены ў адстаўку. Жыў у Рызе. У 1796 Павел І прызначыў яго ў чыне генерал ад інфантэрыі арэнбургскім ген.-губернатарам; праз 2 гады І. выйшаў у адстаўку.
Літаратура:
Восстание и война 1794 года в Литовской провинции: (По документам архивов Москвы и Минска). Мн., 2001;
Анішчанка Я. Інкарпарацыя: Літоўская правінцыя ў падзелах Рэчы Паспалітай. Мн., 2003;
Носов Б.В. Установление российского господства в Речи Посполитой 1756—1768 гг. М., 2004.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне