Артыкулы: Ігнацій

Ігнацій (каля 1540, в-аў Крыт—каля 1620), дзеяч праваслаўнай, потым уніяцкай царквы. Паводле ўласнага сведчання, быў архіерэем на Кіпры, адкуль выгнаны туркамі; інш. ўказваюць, што жыў на Афоне, быў епіскапам Іерысо. Прыкладна ў 1594—95 прыбыў у Маскву. Удзельнічаў у каранацыі цара Барыса Гадунова (1598). З 1603 мітрапаліт разанскі і мурамскі. Пасля смерці Барыса Гадунова (1605) разам з інш. іерархамі Рускай праваслаўнай царквы падтрымаў Ілжэдзмітрыя І, прывёў да прысягі яму народ у Туле. Ілжэдзмітрый пазбавіў патрыяршага пасада Іова, які да яго варожа ставіўся, і ў ліп. 1605 фактычна прызначыў на яго месца І. (фармальна абраны саборам). І. каранаваў Ілжэдзмітрыя І (ліп. 1605) і вянчаў яго з Марынай Мнішак (май 1606). На наступны дзень пасля забойства Лжэдзмітрыя І па загаду Васіля Шуйскага 19.5.1606 І. адпраўлены пад варту ў Чудаў манастыр у Крамлі. На новым саборы І. пазбаўлены патрыяршага пасада, які заняў патрыярх Гермаген. У 1611 вызвалены войскам Рэчы Паспалітай и зноў стаў фактычным маскоўскім патрыярхам. У канцы 1611 разам з войскам Яна Караля Хадкевіча выехаў у стаўку Жыгімонта ІІІ пад Смаленск, па дарозе быў абрабаваны рускімі. І. было дазволена пасяліцца ў ВКЛ, з 1612 жыў ва уніяцкім Віленскім Троіцкім манастыры, ігуменам якога быў Іосіф Руцкі. Апошні пачаў схіляць І. прыняць унію, што адбылося ў жн. 1612. Пераход у унію трымаўся у тайне, бо меркавалася І. вярнуць у Маскву як законнага патрыярха і правадніка уніі ў Расіі. У 1612 разам з войскамі Жыгімонта ІІІ І. прыбыў у Расію, аднак хутка быў вымушаны пакінуць яе. У ВКЛ працягваў лічыцца законнымі маскоўкім парыярхам. У 1615 ён атрымаў ад Жыгімонта ІІІ маёнтак — Папінскі дварэц, удзельнічаў у адпяванні ў Віленскім кафедральным саборы падканцлера ВКЛ Габрыэля Войны, у 1616 асвяціў царкву ў маёнтку Льва Сапегі. Пры падрыхтоўцы пахода на Расію каралевіча Уладзіслава ў 1616 меркавалася зноў вярнуць І. ў Маскву. Пасля заключэння Дэулінскага перамір’я 1618 Жыгімонт ІІІ дазволіў І. вярнуцца ў Расію, але той застаўся ў Вільні, дзе памёр і пахаваны ў Троіцкім манастыры. Рас. ўрад яшчэ ў 1620-я г. не ведаў пра лёс І. і яго пераход у унію, апасаўся, што І. можа ўзначаліць незалежны правасл. патрыярхат у Рэчы Паспалітай. І. высока цанілі уніяты Рафаіл Корсак і Руцкі. Рус. правасл. царква не лічыць І. законным патрыярхам.

Літаратура:

Игнатьев Р. Лжепатриарх Игнатий. Вильна, 1879;

Папулидис К.К. Из истории русско-греческих связей конца XVI—начала XVII в.: (О происхождении московского патриарха Игнатия) // Византийский временник. М., 1977. Т. 38;

Ульяновский В.И. Патриарх Игнатий в Греции, России и Речи Посполитой // Славяне и их соседи: Католицизм и православие в Средние века: Сб. тезисов. М., 1991;

Яго ж. К идее патриаршества и восточной миссии униатской церкви в первой половине XVII в.: (московский патриарх Игнатий в Вильно) // Наш радавод. Гродно, 1991. Кн. 3, ч. 2;

Булычев А.А. История одной политической кампании XVII века: Законодательные акты второй половины 1620-х годов о запрете свободного распространения «литовских» печатных и рукописных книг в России. М., 2004.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.