Артыкулы: Ігнацій Яўлевіч
Ігнацій Яўлевіч [Іяўлевіч; 26.9(6.10).1619, Магілёў—паміж 1667 і 1681], беларускі царкоўны і грамадскі дзеяч, педагог-асветнік, пісьменнік. Першапачатковую адукацыю атрымаў у г. Шклоў. Вучыўся ў Магілёўскай і Кіеўскай брацкіх школах, з 1632 у Кіева-Магілянскім калегіуме, тэалогію і медыцыну вывучаў у Замойскай акадэміі (Польшча). У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 прыхільна ставіўся да рас. улад, у якіх карыстаўся даверам. У 1656 упершыню ўпамінаецца як ігумен Богаяўленскага манастыра ў Полацку, пры якім адкрыў школу і бібліятэку. У 1659 атрымаў ад полацкага епіскапа Каліста паўнамоцтвы генеральнага намесніка. У 1659 пастаўлены царом Аляксеем Міхайлавічам архімандрытам Полацкага Барысаглебскага манастыра, застаўшыся богаяўленскім ігуменам. У 1660 прысутнічаў у Маскве на саборы, што судзіў патрыярха Нікана. Як вучоны чалавек і прамоўца І. карыстаўся павагай цара, патрыярхаў Нікана і Іаакіма. З літ. спадчыны І. дайшла яго аўтабіяграфічная запіска (на польск. мове, апубл. С.Голубевым у 1886), у якой важныя матэрыялы па гісторыі гар. адукацыі 2-й чвэрці 17 ст., 10 урачыстых прамоў на польск. і рус. мовах з нагоды розных рэліг. і паліт. падзей (у т.л. на прыезд цара ў Полацк у 1656).
Літаратура:
Голубев С. История Киевской духовной академии. Вып. 1. Киев, 1886;
Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры. Мн., 1968. Т. 1;
Марзалюк І. Забыты твор магілёўскага гісторыка XVII ст.: (Ігнацій Яўлевіч і яго трактат «Quod felix faustum fortunatum») // Гісторыя Магілёва: мінулае і сучаснасць. Магілёў, 2003. Ч. 1.
© Валерый Пазднякоў, 2005
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне