Артыкулы: Ісая Камянчанін

Ісая Камянчанін (свецкае Іаакім; ?, г. Камянец, Падолле—пасля 1591), дзеяч праваслаўнай царквы, пісьменнік. Атрымаў добрую філасофскую і багаслоўскую адукацыю. Рана згубіў бцькоў і прыняў манаства ў Кіпрыянавым манастыры ў Малдове. Атрымаў сан дыякана. Жыў у Кіеве, Вільні. Па ініцыятыве Астафія Валовіча і Рыгора Хадкевіча, якія планавалі выданне славянскіх кніг і з дазволу кіеўскага мітрапаліта Сільвестра Бялькевіча і вял. князя Жыгімонта ІІ Аўгуста ў ліп. 1561 выехаў з Вільні ў Маскву, каб сустрэцца з царом і дастаць тэксты некаторых кніг: Бібліі, «Бяседы евангельскія» Іаана Златавуста ў перакладзе інака Сілуана (вучня Максіма Грэка), жыціе Антонія Пячэрскага. Місія І. была ўскладнена тым, што ВКЛ знаходзілася на мяжы вайны з Расіяй (гл. Інфлянцкая вайна 1558—82). Магчыма, адной з мэтаў паездкі І. было адцягнуць ваенны канфлікт паміж ВКЛ і Масквой, да чаго імкнуліся магнаты ВКЛ. У Маскве І. данёс царскаму ўраду, што прыбылы адначасова з ім еўгрыпскі мітрапаліт Іаасаф цалаваў у Вільні крыж Жыгімонту ІІ Аўгусту і Радзе ВКЛ. Іаасаф апраўдаўся і, у сваю чаргу, абвінаваціў І. ў ерасі. Той быў высланы ў Волагду, пасля ў Растоў, дзе і памёр. У 1582 І. быў прыняты царом Іванам IV, з якім меў гутарку на багаслоўскія тэмы. І. пакінуў шмат лістоў, у т.л. да Івана IV з выкладам розных багаслоўскіх пытанняў, некаторыяз іх маюць аўтабіяграфічны характар і ўмоўна называюцца «Плач», «Скарга»; у 1591 напісаў «Сказание вкратце о великом преподобном отце Максиме Греке». Па даручэнні патрыярха Іова ў 1590 М. перакладаў або перапісваў тлумачэнні Феафілакта, архіепіскапа балгарскага, на Евангеллі ад Матфея і Марка. Лічыцца, што І. быў першым прадстаўніком зах. вучонасці Украіны і Беларусі ў Масковіі, які аказаў заўважны ўплыў на духоўнае жыццё Расіі.

Літаратура:

К литературной деятельности мниха Камянчанина Исаии / Сообщение Д.И.Абрамовича. [СПб.], 1913;

Юзефович Л.А. Миссия Исайи (1561 г.) и Остафий Волович // Сов. славяноведение. 1975. № 2;

Голенченко Г.Я. Идейные и культурные связи восточнославянских народов в XVI—середине XVII в. Минск, 1989.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.