Артыкулы: Ісая Капінскі

Ісая Капінскі [?, в. Копін Падляшскага ваяв.—5(15).10.1640], дзеяч праваслаўнай царквы. Адыграў вялізную ролю ў адраджэнні правасл. царквы ў Рэчы Паспалітай пасля Берасцейскай уніі 1596. З шляхецкага роду. Вучыўся ў Астрожскай школе і, магчыма, у Львове. Каля 1600 прыняў манства ў Кіева-Пячэрскай лаўры. Каля 1614 выехаў у Густынскі манастыр для яго ўладкавання, збудаваў там некаторыя пабудовы і Дабравешчанскую царкву. Адзін з заснавальнікаў Кіеўскага брацтва і школы пры ім. У 1615 абраны ігуменам Кіеўскага брацкага манастыра, распачаў яго будаўніцтва. З 1616 ігумен Кіеўскага Межыгорскага манастыра, з 1619 — Густынскага Троіцкага манастыра. Заснаваў непадалёку яшчэ 2 манастыры: Лубенскі Мгарскі Спасапраабражэнскі і жаночы Падгорскі Лядзінскі. У 1620 пасвячоны ў Кіеве іерусалімскім патрыярхам Феафанам як епіскап перамышльскі і самбарскі (з-за супрацьдзеяння ўрада Рэчы Паспалітай епахіяй не авалодаў, бо яна належала уніятам). Разам з мітрапалітам Іовам Барэцкім, епіскапам уладзімірскім і берасцейскім Іосіфам Курцэвічам-Булыгам у 1620 склаў на польскай мове твор «Універсальная пратэстацыя з пабожнай юстыфікацыяй», накіраваны супраць праследаванняў праваслаўных уладамі Рэчы Паспалітай (не надрукаваны, але атрымаў шырокую вядомасць). Удзельнічаў у Кіеўскім саборы 1628, якія разглядаў магчымасць саюзу з уніяцкай царквой і абвясціў анафему на «Апалогію» Мялеція Сматрыцкага. З 1628 архіепіскап смаленскі і чарнігаўскі (не прызнаны ўрадам Рэчы Паспалітай), жыў у задняпроўскіх манастырах. З 20(30).6.1631 мітрапаліт кіеўскі, галіцкі і ўсяе Русі. Да канца жыцця не прызнаваў мітрапалітам Пятра Магілу, які атрымаў гэту пасаду ад урада Рэчы Паспалітай у 1633. Быў вымушаны арыентавацца на падтрымку Масквы, што Магіла разглядаў як паліт. недабранадзейнасць. У 1634—35 жыў у Кіеўскім Міхайлаўскім Златаверхім манастыры, пасля з-за варожага стаўлення Магілы перабраўся на Палессе. У 1637 сустракаўся з Магілам у Луцку, каб вырашыць узаемныя прэтэнзіі, але згода не была дасягнута. Памёр у Нежыне, пахаваны ў Кіева-Пячэрскай лаўры. Аўтар лістоў і пасланняў, у т.л. да кн. Іераміі Вішнявецкага, які перайшоў у каталіцтва, багаслоўскага твора «Алфавіт духоўны на карысць інакам і мірскім, якія жадаюць жыць богаўгодна» (Кіеў, 1701, перавыдаваўся каля 20 разоў).

Літаратура:

Голубев С. Петр Могила и Исаия Копинский: Вступление Петра Могилы на Киевскую митрополию и его отношения к Исаии Копинскому // Православное обозрение. 1874. № 2—3.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.