Артыкулы: Ласовіч Ян

Ласовіч Ян (каля 1420—паміж 6.2. і 27.8.1481), дзеяч каталіцкай царквы. Паходзіў з віленскага мяшчанскага роду (пазнейшыя біёграфы прыпісвалі Л. Шляхецкае паходжанне). Мяркуецца, што вучыўся ў Кракаўскім ун-це. Займаў пасады сакратара віленскага біскупа, каноніка віленскай капітулы, атаясамліваецца таксама з Янам — дэканам віленскай капітулы. У 1462 прызначаны вял. князем літоўскім і каралём польскім Казімірам IV біскупам луцкім, назначэнне зацверджана рымскім папам у 1463. З-за нападаў на Валынь крымскіх татараў перанёс сядзібу луцкіх біскупаў у мястэчка Янаў на Падляшшы, якое заснаваў у 1465 на месцы в. Порхаў і назваў па свайму імю. Пасля смерці віленскага біскупа Мікалая з Дзежкава (1467) Казімір IV прызначыў Л. наступным біскупам віленскім, што зацверджана рымскім папам у 1468. Да часу атрымання папскага зацвярджэння працягваў тытулавацца луцкім біскупам, маючы рэзідэнцыю ў Вільні, а Віленскай дыяцэзіяй кіраваў праз адміністратара, асабіста — з 1470. Пры Л. вырасла колькасць прыходаў дыяцэзіі, часта выступал сведкам пры наданні касцёлам фундушаў, некаторыя касцёлы асвяціў асабіста (у т.л. Ішкалдскі Троіцкі касцёл). Павялічыў сталовыя маёнткі Віленскай епархіі, скупляючы шляхецкія землі. Па даручэнні рымскага папы Сікста ІV у 1474 быў выканаўцам судовых рашэнняў папы ў спрэчцы Лівонскага ордэна з Рыжскім арцыбіскупствам. Запэўніваў крыжакоў, што ВКЛ не выступіць супраць Ордэна, нават калі гэта зробіць Польшча. У 1469 уладкаваў у Вільні кляштар бернардзінцаў. Пры Л. адбыўся сабор праваслаўных іерархаў, князёў і паноў, які прыняў зварот да рымскага папы Сікста ІV аб аб’яднанні цэркваў (1476), аднак асабістая роля Л. ў гэтых падзеях не высветлена.

Літаратура:

Przyałgowski W. Żywoty biskupów wileńskich. T. 1. Petersburg, 1860. S. 57—64;

Kurczewski J. Biskupstwo wileńskie od jego założenia aż do dni obecnych, zawierające dzieje i prace biskupów i duchowienstwa djecezji wileńskiej, oraz wykaz kościołów, klasztorów, szkół i zakładów dobroczynnych i społecznych. Wilno, 1912;

Ochmański J. Biskupstwo wileńskie w średniowieczu: Ustrój i uposażenie. Poznań, 1972.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.