Артыкулы: Лаўрышаўскае Евангелле

Лаўрышаўскае Евангелле, помнік рукапіснага мастацтва канца 13—пач. 14 ст. Створана для Успенскай царквы Лаўрышаўскага манастыра, дзе зберагалася да 1822, пасля — у А.Чартарыйскага, захоўвалася ў Пулавах, Парыжы, цяпер у Б-цы Музея Чартарыйскіх у Кракаве. Евангелле-апракас на царк.-слав. мове з рысамі паўд.-рус. гаворак. Рукапіс напісаны ўставам у 2 слупкі на 183 аркушах пергаменту in folio (памер старонкі прыкладна 22 × 31 см), упрыгожаны 18 мініяцюрамі з выявамі святых Іаана, Мацвея, Лукі, Міхаіла-архангела, Іова, евангельскіх сцэн (у 14 ст. дамаляваны мініяцюры, дзе паказана размова Варлаама з Іасафатам, сюжэт з прыпавесці аб абдзінарогу), адной застаўкай, ініцыяламі (для некаторых пакінуты пустыя месцы). На палях рукапісу 14 прыпісак 1-й пал. 14—2-й пал. 16 ст., дзе князі і паны (сярод іх Алелька Уладзіміравіч, Дзмітрый Альгердавіч, Іван Александровіч) засведчылі перадачу манастыру грошай, збожжа, дзесяціны і зямельных уладанняў. Рукапіс мае пераплёт з дошак, абцягнутых вішнёвым аксамітам. Спераду ў цэнтры на ім прымацавана бронзавая плакетка (17 ст.?) з гравіраванай выявай св. Дзмітрыя Салунскага пад архітэктурнай аркай, у вуглах — трохвугольныя нарожнікі (усе дэталі маюць гнёзды з рубінамі і сапфірамі), ззаду — плакетка з гравіраваным Распяццем. На думку аднаго з першых даследчыкаў рукапісу І.Свянціцкага, Л.Е. напісана ў пач. 14 ст. і адносіцца да паўн.-ўсх. беларускай рэдакцыі. Апошнія даследчыкі звязваюць паходжанне Л.Е. з землямі Галіцка-Валынскага княства (уключна з паўд.-зах. Беларуссю) і датуюць яго мяжой 13—14 ст. Не выключана, што Евангелле было створана па заказу вял. кн. Войшалка і адразу прызначалася для Лаўрышаўскага манастыра.

Літаратура:

Свенцицкий И.С. Лаврашевское Евангелие начала XIV века: (Палеографически-грамматическое описание) // Изв. Отд. рус. яз. и словесности Имп. Акад. наук. СПб., 1913. Т. 18, кн. 1;

Friedelówna T. Ewangeliarz ławryszewski: Monografia zabytku. Wrocław etc., 1974;

Smorąg R.M. Ewangelarz Ławryszewski. Kraków, 1999;

Русіна О. До атрибуції вкладних записів Лаврашівського Євангелія // Український археографічний щорічник. Київ, 2000. Вип. 3/4.

© Валерый Пазднякоў, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.