Артыкулы: Лаўчыцкі (Луўчыцкі) Ежы
Лаўчыцкі (Луўчыцкі) Ежы (?—паміж 1642 і 1647), ваенны дзеяч Рэчы Паспалітай. З шляхецкага роду герба «Копач» з Львоўскай зямлі. Мяркуецца, што ўдзельнічаў у вянгерскім паходзе лісоўчыкаў 1619. У 1625—26, у час вайны Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29, ротмістр казацкай харугвы ў войску польнага гетмана ВКЛ Крыштофа Радзівіла. У 1625 удзельнічаў у аблозе г. Мітава (Курляндзія), занятага шведамі. У 1626 ваяваў пад камандаваннем ваяводы смаленскага Аляксандра Гасеўскага. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34 харугва Л. ў складзе палка Мікалая Мачарскага ўдзельнічала ў 1633 у аблозе г. Пуціўль, пасля з атрадам Ераміі Вішнявецкага даходзіла да Сеўска і Рыльска. У канцы 1633 ваяваў пад Смаленскам. 19.10.1633 удзельнічаў у бітве на Жаваранкавых гарах. У сак. 1634 харугва Л. брала ўдзел у паходзе Рыгора Мірскага, пасля суправаджала паслоў Рэчы Паспалітай, што адправіліся на заключэння міра. З 1637 стражнік польны каронны. У 1637—38 удзельнічаў у баявых дзеяннях супраць укр. казакоў.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


