Артыкулы: Лашкоўскі Якуб
Лашкоўскі Якуб (каля 1532—паміж 1596 і 1599), гаспадарчы дзеяч Рэчы Паспалітай. З шляхецкага роду герба «Лешчыц» Калішскага павета. Прыкладна з 1550 на службе ў вял. князя літоўскага і караля польскага Жыгімонта Аўгуста. Як каралеўскі дваранін і сакратар удзельнічаў у правядзенні валочнай памеры ў ВКЛ, да чаго, пэўна, прыцягнуў яго дзядзька Пётр Хвальчэўскі (адзін з ініцыятараў правядзення памеры). Каля 1560 рэвізор памеры ў Відуклях. У 1562 з інш. рэвізорамі праводзіў валочную памеру ў Коршаўскай і Шадаўскай валасцях, у 1563 — у Рэтаўскай і Гандынскай воласцях, у 1566 — у Палангаўскай дзяржаве (заснаваў тут мястэчка Святая) і Крэцінгскай воласці. У 1566 як узнагароду за правядзенне валочнай памеры ў Жамойці атрымаў ад Жыгімонта Аўгуста маёнтак Вештавяны (130 валок зямлі), які ў 1568 заменены на 3 вёскі ў Платэльскай воласці. У 1569—71 разам з Войцехам Дзевалтоўскім і Янам Градоўскім праводзіў рэвізію валочнай памеры ў жамойцкіх валасцях. Пра вераванні і звычаі жмудзінаў Л. паведаміў Яну Ласіцкаму, які скарыстаўся з гэтых звестак пры напісанні кнігі «Пра багоў жамойтаў, iншых сарматаў i несапраўдных хрысцiян» («De diis Samogitarum, caeterorumque Sarmatarum…», Базель, 1615).
Літаратура:
Пичета В.И. Аграрная реформа Сигизмунда-Августа в Литовско-Русском государстве. 2 изд. М., 1958.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


