Артыкулы: Леснавольскі (Лесьнёвольскі) Станіслаў

Леснавольскі (Лесьнёвольскі) Станіслаў (?—1565), ваенны дзеяч. З мазавецкага шляхецкага роду герба «Калюмна» («Рох»). У маладосці быў дваранінам Жыгімонта Аўгуста. Адначасова ў 1540-х г. пачаў вайсковую службу. У 1550-х г. звязаны з каралевай Бонай, ад якой каля 1555 атрымаў Ружанскае і Макаўскае стараствы. Удзельнічаў у паходзе на Посваль у Інфлянтах у 1557, за што ў тым жа годзе атрымаў урад кашталяна цеханаўскага. Дзякуючы ўдзелу ў Інфлянцкай вайне 1558—82 Л. зрабіў хуткую кар’еру. У 1561 у складзе дапаможных польскіх войск пад камандаваннем Фларыяна Зэбжыдоўскага на чале коннай харугвы ўдзельнічаў у ваенных дзеяннях у Інфлянтах, у 1562 — у паходзе ў напрамку Полацка і Азярышча. Не дачакаўшыся войск вял. гетмана ВКЛ Мікалая Радзівіла Чорнага, польскія войскі на чале з Л. рушылі на маскоўскую крэпасць Невель. 19.8.1562 адбылася бітва з маскоўскімі войскамі на чале з кн. Андрэем Курбскім, якія значна пераўзыходзілі сілы Л. (25 тыс. маскоўскіх ратнікаў супраць 1300 квалерыстаў і 200 пехацінцаў Л.). У выніку бітвы маскоўскія войскі панеслі вял. страты (1500 чал. супраць 16 чал. у войску Л.). Пасля гэтага Л. прызначаны камандуючым польскімі войскамі замест Зэбжыдоўскага і выконваў гэтыя функцыі да смерці. У 1564 атрымаў урады кашталяна варшаўскага і чэрскага. У канцы 1564 разам з войскамі ВКЛ атрады Л. (4900 конніцы і 3700 пяхоты) удзельнічалі ў спробе вызвалення Полацка. У 1565 дзейнічаў на маскоўскай граніцы і ў глыбі маскоўскай тэрыторыі на Пскоўшчыне і Смаленшчыне.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.