Артыкулы: Ліздзейка
Ліздзейка, легендарны язычніцкі жрэц вял. князя Гедзіміна. Паводле легенды пра заснаванне Вільні, зафіксаванай у бел.-літ. летапісах, вял. князь Віцень пры паляванні знайшоў у арліным гняздзе (літ. lizdas гняздо, адсюль імя Л.) немаўля. Паводле інш. варыянта падання, хлопчык быў знойдзены ў карзіне ў зарасніках. Ён атрымаў імя Л., быў выхаваны пры велікакняжацкім двары і стаў вярхоўным жрацом пры сыне Віценя Гедзіміне. Калі ў час палявання Гедзімін заснуў на Туравай гары над р. Вільня, то сасніў жалезнага воўка, што стаяў на Крывой гары і выў як сто ваўкоў. Л. так патлумачыў сон Гедзіміна: «Волкъ железный знаменует город столечный тут будет, а што в нем оунутри ревет, то слава его будет слынути на вес свът»; пасля гэтага Гедзімін заклаў Вільню. Паводле аднаго з паданняў, Л. быў родапачынальнікам Радзівілаў.
Літаратура:
Топоров В.Н. Vilnius, Wilno, Вильна:город и миф // Балто-славянские этноязыковые контакты. М., 1980.
© Валерый Пазднякоў, 2006
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


