Артыкулы: Любамірскага рокаш 1665—1666
Любамірскага рокаш 1665—1666, узброенае выступленне шляхты Рэчы Паспалітай супраць палітыкі караля Яна ІІ Казіміра, узначаленае былым вялікім каронным маршалкам і гетманам польным Ежы Себасцьянам Любамірскім. Ракашане выступалі супраць планаў караля ўзмацніць (з апорай на Францыю) цэнтральную ўладу, увесці прынцып абрання новага караля пры жыцці папярэдніка. У 1665—66 прыхільнікі Любамірскага сарвалі 4 соймы, паралізаваўшы намаганні каралеўскай партыі ажыццявіць рэформы дзярж. ладу. Войска Любамірскага пачало ваенныя дзеянні супраць каралеўскага войска. У ВКЛ магнаты і шляхта выразна не акрэслілі сваю пазіцыю ў адносінах да рокашу, ваенныя падзеі якога адбываліся ў Польшчы. У падтрымку Любамірскага выказваўся вял. гетман ВКЛ П.Я.Сапега. Яго быў схільны падтрымаць кіраўнік пратэстанцкай партыі ў ВКЛ Б.Радзівіл. На бок Яна ІІ Казіміра стаў пісар польны ВКЛ А.Г.Палубінскі, які прывёў у каралеўскае войска корпус кавалерыі ВКЛ і камандаваў ім (пры дапамозе некаторых прадстаўнікоў роду Пацаў) у бітве пад Чанстаховай 4.9.1665. У выніку паражэння разам з інш. літвінамі трапіў у палон да ракашанаў і даў прысягу, што больш не выступіць супраць «каронных братоў». З'ехаў у ВКЛ, а камандаванне над корпусам прыняў польны гетман ВКЛ М.К.Пац (рада сенатараў ВКЛ даручыла яму з 8-тысячным войскам рушыць у Польшчу).13.7.1666 ракашане атрымалі перамогу ў бітве пад Монтамі ў Інавроцлаўскім ваяв. (М.К.Пац удзелу ў ёй не прыняў). Рокаш скончыўся заключэннем 31.7.1666 пагаднення ў Лянгоніцах. Любамірскі скарыўся перад каралём, які, аднак, быў вымушаны адмовіцца ад сваіх рэфарматарскіх планаў. Вынікам рокашу стала далейшае аслабленне манархіі ў Рэчы Паспалітай.
Літаратура:
Rachuba A. Zabiegi dworu i Jerzego Lubomirskiego o pozyskanie Litwy w 1664 roku // Przegląd historyczny. 1987. Z. 1;
Яго ж. Radziwiłłowie wobec rokoszu Lubomirskiego // Miscellanea historico-archivistica. Warszawa; Łódź, 1989. T. 3;
Nagielski M. Rokosz Jerzego Lubomirskiego w 1665 roku. Warszawa, 1994.
© Валерый Пазднякоў, 2006
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


