Артыкулы: «Лямант людзей пабожных, шчо ся стала ў Літоўскай зямлі»
«Лямант людзей пабожных, шчо ся стала ў Літоўскай зямлі» («Лямент людей побожных, що ся стало в Литовской земли, меновите, хто хощеш, прійди и очима своими обач, що ся в мирѣ дѣєт, снать, з волѣ Божои; хто хочет, то ся з нас смѣєт»), украінскі вершаваны твор сярэдзіны 17 ст. Напісаны правасл. духоўнай асобай, якая атрымала добрую школьную адукацыю. Па форме — лямант, плач з нагоды ўнутраных міжусобіц, у час якіх палонена, забіта і памерла ад голаду шмат людзей. Канкрэтна падзеі, якія выклікалі з’яўленне «Ляманта», не названы. Адзначана, што з-за міжусобіц смуткуюць Падолле і Валынь, «усе моцныя княжаты» забраны ў палон у «скіфскія краіны» (відаць, у Крым і Турцыю). Апошняе ўказанне дазваляе зрабіць дапушчэнне, што аўтар «Ляманта» пад міжусобіцамі разумее падзеі казацкай вайны на Украіне, што пачалася ў 1648 і мела ярка выражаны антыфеадальны характар. Князёў, якія змагаліся з казакамі, асабліва шмат было на Валыні. Відаць, менавіта там «Лямант» і быў напісаны. Указанне на «Літоўскую зямлю» ў назве твора сведчыць пра захаваную традыцыю лічыць валынскія землі гістарычнай прыналежнасцю ВКЛ. Асуджаючы паланенне «моцных княжатаў», аўтар твора выступае адначасова і з антыкаталіцкіх пазіцый, апялюе да маскоўскага цара Аляксея Міхайлавіча [1645—76]. «Лямант» напісаны на стараўкраінскай мове. Знойдзены ў сярэдзіне 19 ст., упершыню апублікаваны ў 1856. Цяперашняе месцазнаходжанне не вядома.
Публікацыі:
Южно-русские летописи, открытые и изданные Н.Белозерским. Киев, 1856. Т. 1. С. 159—162;
Українська література XVII ст. Київ, 1987.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


