Артыкулы: Мельнік
Мельнік (польск. Мельнік, Mielnik, цяпер вёска ў Падляскім ваяв., Рэспубліка Польшча), горад у Падляшскім ваяв., на р. Буг. Упершыню ўпамінаецца каля 1245 як горад Галіцка-Уладзімірскага княства. Знаходзіўся ў яго паўн.-зах. частцы, на мяжы з яцвягамі. Пад 1258 у М. ўпамінаецца царква Багародзіцы, дзе маліўся перад паходам на яцвягаў кн. Васілька Раманавіч. З пач. 14 ст. М. у складзе ВКЛ. У 1378 спробу захапіць М. зрабілі тэўтонскія рыцары пад камандаваннем комтура Балгі — Тэадора Эльнера, якія вярталіся з паходу на Камянец. У 1382—83 мазавецкі кн. Януш І, карыстаючыся міжусобіцай у ВКЛ, на кароткі час захапіў М. і інш. падляшскія землі, аднак Ягайла вярнуў кантроль над М. 2.9.1391 Ягайла перадаў яму Дарагічынскую зямлю з гарадамі М., Дарагічын, Сараж і Бельск. У пач. 15 ст. вял. князь літоўскі Вітаўт далучыў Дарагічынскую зямлю з М. да сваіх уладанняў. З 1413 М. ў складзе новастворанага Троцкага ваяводства. У 1420 Вітаўт фундаваў у М. касцёл св. Мікалая, Божага Цела, Унебаўзяцця Панны Марыі і ўсіх святых. У 1440 Дарагічынская зямля, у т.л. М., апынулася пад уладай мазавецкага кн. Баляслава IV (відаць, яго прызнаў як сюзерэна дарагічынскі ваявода Насута), які 22.9.1440 выдаў М. прывілей на хэлмскае права. У 1444 на падставе дагавора з вял. князем літоўскім Казімірам Баляслаў IV ад правоў на Падляшша, у т.л. на М. У складзе Дарагічынскай зямлі М. быў цэнтрам Мельніцкага павета, які з 1513 у складзе Падляшскага ваяводства. Быў велікакняжацкім горадам, з 16 ст. — цэнтрам гродавага стараства.У М. паміж ВКЛ і Польскім каралеўствам заключана Мельніцкая унія 1501, вял. князь літоўскі і кароль польскі Аляксандр выдаў Мельніцкі прывілей 1501, а 26.10.1501 надаў М. магдэбургскае права. Карыстаўся гербам з выявай Божага ягня. У 1506 у М. вял. князь літоўскі Жыгімонт Стары прыняў прапанову ад польскіх паслоў стаць каралём польскім. У снеж. 1506—студз. 1507 у М. адбыўся вальны сойм ВКЛ. У 1513 пабудаваны касцёл св. Роха, у 1540-х г. — новы замак. З 1551 упамінаюцца правасл. Вазнясенская і Раждзественская (Прачысценская) драўляныя цэрквы. У час заключэння Люблінскай уніі 1569 М. разам з усім Падляшскім ваяв. перайшоў у склад Польскага каралеўства. У 1580 у горадзе 254 дамы, 1524 жыхары, у т.л. 62 рамеснікі. У 1614 згарэла Раждзественская, у 1648 — Васкрасенская цэрквы; пасля былі адбудаваны. Паміж 1644 і 1646 з праваслаўных яны сталі уніяцкімі. У час Паўночнай вайны 1655—60 у 1655 М. спалены шведскімі войскамі. Пасля вайны страціў былое гандлёва-прамысловае значэнне. У 1777 пабудавана могілкавая уніяцкая капліца Маці Божай Апякунскай. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у складзе Прусіі.
Літаратура:
Акты, издаваемые Виленскою комиссиею для разбора древних актов. Т. 33. Вильна, 1908;
Mironowicz A. Podlaskie ośrodki i organizacje prawosławne w XVI i XVII wieku. Białystok, 1991;
Michaluk D. Rezydencja hospodarska w Mielniku w XIV—XVI wieku // Białostocczyzna. 1991. № 3;
Яе ж. Rozwój układu przestrzennego Mielnika w XIII—XVIII w. // Studia Podlaskie. Białystok, 1993. T. 4;
Яе ж. Mielnik stolica ziemi mielnickiej na Podlasiu (do końca XVIII wieku). Mielnik, 1999;
Celeda R. Mielnik: dzieje miasta i okolic. Warszawa, 2007.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне