Артыкулы: Паўлаўская рэспублiка

Паўлаўская рэспубліка (Паўлаўская Рэч Паспалітая) — маёнтак Паўлава (Мерач) у Віленскім павеце (цяпер Мяркіне Шальчынінкскага раёна Літвы), дзе ў 2-й пал. 18 ст. былі праведзены кардынальныя сацыяльна-эканамічныя рэформы.

Маёнтак атрымаў найменне Паўлава ад імя яго ўладальніка (з 1767) Паўла Ксаверыя Бжастоўскага (30.3.1739—17.11.1827), пісара вялікага ВКЛ у 1762—1774, рэферэндара духоўнага ВКЛ у 1774—1787. Маёнтак налічваў 3040 га зямлі, з якіх 1372 га прыходзілася на лясы Мерацкай пушчы. Прыхільнік ідэй Асветніцтва, Бжастоўскі ажыццявіў комплекс рэформ па паляпшэнні становішча сялян, якое рэгулявалася статутамі 1769 і 1791, выдадзенымі Бжастоўскім са згоды сялян.

Статутам 1769 сялянам была дадзена асабістая вольнасць і права пакінуць маёнтак пры ўмове выстаўлення за сябе замены і сплочвання даўгоў. Паводле выконваемых павіннасцей сяляне былі падзелены на пеняжнікаў, баяр, цяглых і кутнікаў. Першыя тры групы атрымалі ў вечнае карыстанне вялікія гаспадаркі, з якіх неслі павіннасці (адпаведна грашовую, грашова-адработачную і адработачную з данінай). У 1786 фальварачная (панская) зямля маёнтка амаль цалкам была раздадзена сялянам, а адработачная павіннасць заменена на чынш. Была ліквідавана цераспалосіца, сяляне атрымалі права на вольнае карыстанне Мерацкай пушчай, права распараджацца сваёй маёмасцю (часткова зямлёй), займацца рамёствамі і гандлем. За 1767—1786 колькасць насельніцтва ў маёнтку вырасла з 276 да 671 чалавек, ураджайнасць дасягнула сам-9—сам-14 (узровень 1-й пал. 20 ст.), чысты прыбытак сялянскай гаспадаркі — 1800 злотых (часам да 3000 злотых).

Было ўведзена шырокае сялянскае самакіраванне на ўзор парламента з дзвюх палат. У вышэйшую палату ўваходзілі прызначаныя Бжастоўскім адміністратары: губернатар, намеснік (пісар), цівун, арандатары, а таксама выбарныя прадстаўнікі сялянскага самакіравання: цэнзар, бурмістр, 2 лаўнікі, 2 ляснічыя, 2 мастаўнічыя, дзясятнікі. Пасля ліквідацыі фальварка панскія ўраднікі страцілі значэнне і выведзены з палаты. З 1791 у ёй засядалі цэнзар, падцэнзар, 4 стражнікі, бурмістр, 4 дзясятнікі (войты), паддзясятнікі, 2 мастаўнікі (будаўнічыя), 4 леснікі. Пасяджэнні адбываліся ў спецыяльна пабудаваным доме. Ніжэйшая палата складалася з усіх самастойных гаспадароў маёнтка, яе пасяджэнні адбываліся асобна пад старшынствам губернатара. Вышэйшая палата рупілася пра выкананне павіннасцей, гаспадарчае развіццё Паўлава. Ніжэйшая палата сачыла, каб рашэнні вышэйшай не супярэчылі статуту Паўлава, праз 4 гады выбірала камісію для праверкі дзейнасці ўраднікаў. Канчатковыя рашэнні ў выпадку парушэння статута прымаў Бжастоўскі. У 1791 «парламент» заменены камісіяй з 12 ураднікаў пад старшынствам Бжастоўскага і прызначаемых ім кожныя 4 гады 8 сялянскіх «дэпутатаў».

Статутам 1769 уведзены суд для разгляду спраў паміж сялянамі ў складзе губернатара, пісара, цівуна і 2 лаўнікаў, выбіраемых сялянамі. Правіннасці супраць пана разглядаў губернатар асабіста. У 1786 гэтыя суды аб’яднаны ў адзін у складзе старшыні, цэнзара, бурмістра, лаўнікаў і дзясятнікаў. Старшыню суда і прыгаворы зацвярджаў Бжастоўскі. У 1791 устаноўлены штотыднёвы суд з выбарных лаўнікаў, апеляцыю на яго рашэнне можна было падаць у другі суд з 3 гаспадароў. Дадаткова кожную нядзелю збіраўся суд у складзе вышэйшых ураднікаў пад старшынствам цэнзара, дзе разглядаліся спадчынныя і даўгавыя справы, злоўжыванні ў гандлёвых здзелках і кантрактах, справы сялян з панам і інш. Прыгаворы гэтага суда зацвярджаў Бжастоўскі. У 1778 ён выдаў акт, згодна з якім сяляне атрымалі права скардзіцца ў дзяржаўны суд на нашчадкаў Бжастоўскага, калі б яны парушалі статут Паўлава.

Статут 1769 прадугледжваў увядзенне ашчадна-пазыковай касы, дзе сяляне маглі б атрымаць пазыку грашыма, збожжам і жывым інвентаром. У 1771 Бжастоўскі размясціў у касе 1000 злотых, з якой сумы маглі пазычаць па 100 злотых пад невялікі працэнт, захоўвалі там і свае грошы. У 1786 з ліквідацыяй фальварка капітал касы быў дэпанаваны ў панскім двары з прызначэннем на дапамогу сялянам у надзвычайных абставінах.

Для медыцынскага абслугоўвання сялян запрашаўся з Вільні фельчар, а ў 1770 Бжастоўскі апублікаваў падручнік для сялян са звесткамі пра хваробы і лекі. У 1788 на ўтрыманне сталага фельчара і школы быў прызначаны капітал у 30 тыс. злотых, з якога штогод па некалькі соцень злотых ішло фельчару і на ўтрыманне аптэкі.

Сялян заахвочвалі будаваць хаты са шклянымі вокнамі і кафлянымі печамі і выцяжнымі комінамі.

Сваім коштам Бжастоўскі трымаў 2 дарэктараў для навучання дзяцей і дарослых, потым адчыніў школу, у якой выкладалі чытанне, пісьмо, арыфметыку, рэлігію, геаграфію краю, асновы сельскагаспадарчай навукі, навучалі працоўным песням і прыпавесцям, арганізоўваліся і практычныя заняткі, у тым ліку хатняга рамяства. З цягам часу сельскагаспадарчае навучанне пашыралася. У 1770 Бжастоўскі выдаў падручнік «Пра земляробства для выгады гаспадароў, якія пражываюць у Паўлаве» (першы сельскагаспадарчы падручнік для сялян у Рэчы Паспалітай). Сяляне праз пэўны час збіраліся на так званыя гаспадарчыя сходы, дзе рабілі справаздачы па вядзенні гаспадаркі, атрымлівалі ўзнагароды ( у тым ліку абед за адным сталом з Бжастоўскім) і пакаранні. Арганізоўваліся сельскагаспадарчыя выставы і конкурсы.

З 1770-х гадоў для дарослых былі ўведзены так званыя акадэмічныя дні, калі сялян збіралі ў «парламенцкім» доме, чыталі ім кнігі, паказвалі экспанаты са збораў Бжастоўскага па заалогіі, батаніке, мінералогіі і інш.

З гаспадароў і іх дарослых сыноў было арганізавана сялянскае войска (міліцыя), якое мелася на ўвазе і для абароны краіны. У 1794 яго колькасць дасягнула 150 чалавек. Перыядычна праводзіліся ваенныя заняткі. Войска забяспечвалася мундзірамі і агнястрэльнай зброяй аднаго калібру, якая захоўвалася ў сялян. Абавязкі афіцэраў выконвалі гаспадарскія ўраднікі. Паўлава было абведзена парканам, валамі і равамі, а двор Бжастоўскага ператвораны ў «цытадэль» з гарматамі. Некалькі разоў сялянскае войска выкарыстоўвалася для адбіцця нападаў суседзяў-паноў, атраду конніцы Барскай канфедэрацыі. Бжастоўскі планаваў удзел свайго войска ў паўстанні 1794. У чэрвені 1794 войска інспектаваў і высока ацаніў Якуб Ясінскі. 3 і 24 ліпеня Паўлава няўдала штурмавалі расійскія войскі, а ў канцы ліпеня яны захапілі маёнтак, пры гэтым частка сялянскага войска ўкрылася ў Мерацкай пушчы.

Не маючы магчымасці трымаць маёнтак пад расійскай уладай, у канцы 1794 Бжастоўскі прадаў яго Ф.Машынскаму пры ўмове захавання яго статута. Пазней маёнтак перайшоў ва ўласнасць іншых паноў, якія павысілі павіннасці і абмежавалі правы сялян, аднак доўгі час прытрымліваліся асноўных палажэнняў статута Паўлава.

Некаторыя з рэформ Бжастоўскага мелі паралелі ў іншых маёнтках Рэчы Паспалітай 18 ст. (напрыклад, у маёнтку Храптовіча Шчорсах), аднак заснаванне «сялянскай рэспублікі» было беспрэцэдэнтным. Праведзеныя ў духу Асветніцтва, рэформы садзейнічалі развіццю капіталістычных, грашовых адносін у сялянскай гаспадарцы, павышэнню дабрабыту насельніцтва. Рэформы Бжастоўскага сустрэлі варожыя адносіны большасці землеўласнікаў і ўхваляліся перадавымі коламі Рэчы Паспалітай.

Падрабязнасці:

Obst Jan. Rzeczpospolіta Pawłowska // Lіtwa і Ruś. 1913. Rok II. Z. III. S. 129—145.

Rostworowskі Emanuel. Reforma pawłowska Pawła Ksawerego Brzostowskіego (1767—1795) // Przegląd Hіstoryczny. 1953. Nr 1—2. S. 101—152, il.

Похилевич Д.Л. Крестьяне Белоруссии и Литвы во второй половине XVIII века. Вильнюс, 1966. С. 134.

Bartyś Julian. Rzeczpospolіta Pawłowska na tle reform włoścіańskіch w Polsce w XVІІІ wіeku. Warszawa: Iskry, 1982. 280 s.

Jakubėnas Regina. Prasa Wielkiego Księstwa Litewskiego w II połowie XVIII wieku. (Biblioteka Tradycji. Nr XLI. Biblioteka Literatury Pogranicza. T. 13). Kraków: Collegium Columbinum, 2005. S. 123—134.

Skodlarski Janusz. Paweł Brzostowski (1739—1827). Twórca Rzeczpospolitej Pawłowskiej // Annales. Etyka w życiu gospodarczym. 2009. Vol. 12. Nr 1. S. 69—78.

Arlauskienė Aurelija, Jurgelevič Lucija, Šmigelskytė-Stukienė Ramunė. Povilas Ksaveras Bžostovskis. Paulavos respublika. Vilnius, 2014. 263 p.

© Валерый Пазднякоў, 1999, 2015

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.