Артыкулы: сарматызм
сарматызм, шляхецкая ідэалогія Рэчы Паспалітай, якая грунтавалася на тэорыі пра сарматаў як продкаў некаторых народаў Цэнтр. і Усх. Еўропы. Стараж.-грэчаскі вучоны Пталамей (2 ст.) Еўрапейскую Сарматыю пазначаў на тэр. ад Віслы да Дона, а Азіяцкую Сарматыю — на У ад Дона. Яго паслядоўнікі традыцыйна паказвалі існаванне гэтых тэрыторый, хоць да сярэдзіны 1-га тыс. сарматы зніклі з гіст. арэны. Зах.-еўрапейскія гісторыкі 7—12 ст. атаясамлівалі з сарматамі некаторыя славянскія народы — чэхаў, палякаў, рускіх. У 15 ст. гэтыя погляды распаўсюдзіліся ў Польшчы. Сарматаў як продкаў палякаў разглядаў Я.Длугаш. З канца 15 ст. пад Сарматыяй разумеліся ўсе землі, падуладныя дынастыі Ягелонаў. Л.Корвін у «Касмаграфіі» (1496) да Еўрапейскай Сарматыі адносіў Палонію (Польшчу), Мазовію, Прусію, Літву. Ян са Стаўбніцы ва «Уводзінах да касмаграфіі Пталамея» (1512) да Еўрапейскай Сарматыі залічваў Палонію, Мазовію, Прусію, Літву, Жамойць, Курляндыю, Лівонію. Аналагічныя погляды выказаны ў паэме Я.Вісліцкага «Пруская вайна» (1516), «Трактаце пра дзве Сарматыі» Мацея з Мехава (1517), працах дыпламата і паэта Я.Дантышака, гісторыка Ё.Л.Дэцыя і інш. Легенды пра Сарматыю як радзіму народаў Усх. Еўропы і сарматаў як продкаў славянскіх і суседніх народаў сталі ідэалагічным абгрунтаваннем дзярж. уніі Польшчы і ВКЛ, а пасля 1569 — існавання шматнацыянальнай і шматканфесіянальнай Рэчы Паспалітай. Канчаткова С. як этнагенетычны міф аформіўся ў творах М.Бельскага «Хроніка ўсяго свету» (1551) і «Аб паходжанні і гісторыі палякаў» М.Кромера (1555). А.Гваньіні ў «Хроніцы Еўрапейскай Сарматыі» (1578) называў Рэч Паспалітую Сарматыяй, а славян атаясамліваў з сарматамі. Рабіліся спробы дапасаваць да тэорыі пра сармацкае паходжанне палякаў і літоўцаў легенду пра рымскае паходжанне літ. шляхты (міф пра Палемона). М.Стрыйкоўскі ў «Хроніцы польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсёй Русі» (1582) сцвярджаў, што рымляне (Палемон і яго спадарожнікі) заспелі на Літве мясц. сармацкае насельніцтва, у якім асіміляваліся. Такім чынам палякі і літвіны нібыта ў асноўным паходзяць ад сарматаў; гэтым падкрэслівалася роўнасць і аднароднасць шляхецкага стану Рэчы Паспалітай. Да канца 16 ст. С. набыў рысы і класавай тэорыі, якая разглядала як нашчадкаў сарматаў найперш шляхту. У 17 ст. С. перажываў росквіт і стаў шляхецкім светапоглядам, культурай і ладам жыцця. Падкрэсліваліся заслугі польскай шляхты ў барацьбе з «нявернымі» (туркамі, татарамі), «схізматыкамі» (маскавітамі), ерэтыкамі-пратэстантамі (шведамі), што нібыта працягвала традыцыю перамог сарматаў над рымлянамі. З С. вырас месіянізм, сцвярджалася, што Рэч Паспалітая — падмурак хрысціянства, апора каталіцызму ва Усх. Еўропе. Ідэал С. — шляхціц-католік, які ў мірны час займаецца гаспадаркай, а ў час вайны выступае як ваяр. Ухваляліся патрыярхальныя адносіны на вёсцы паміж панамі і сялянамі і ў шляхецкай сям’і. С. вызначаўся кансерватызмам у эканам. і грамадскіх адносінах, не дапускаў магчымасці змен у шляхецкай «залатой вольнасці» і дзярж. ладзе Рэчы Паспалітай. Ад шляхты С. патрабаваў пэўнага ладу жыцця: паказной набожнасці і ахвярнасці на карысць касцёла, гасціннасці, правядзення ўрачыстых сямейных свят, нашэння багатай зброі, вопраткі і аксесуараў (кунтуша, жупана, пояса ўсх. тыпу і г.д.); у мастацтве ён выявіўся ў знешняй атрыбутыцы партрэта сармацкага. Такі лад жыцця ў Рэчы Паспалітай стаў узорным, да яго імкнулася і мяшчанства. Ідэолагамі С. ў мастацкай л-ры 17 ст. выступілі В.Кахоўскі, П.Каханоўскі, Я.А.Морштын і інш., якія праводзілі думку пра ідэальны лад Рэчы Паспалітай і ўзорнае паліт. жыццё краіны. С. садзейнічаў павелічэнню каставасці шляхецкага стану. У 18 ст. С. перажываў крызіс, выкліканы пачаткам заняпаду Рэчы Паспалітай. У гіст. навуцы даказвалася беспадстаўнасць сармацкага міфа, ставіліся пад сумненне каштоўнасці шляхецкай дзяржавы і ўсяго ладу жыцця. Асабліва ўзмацнілася крытыка С. з пашырэннем у 2-й пал. 18 ст. ідэалогіі Асветніцтва. С. пачалі звязваць з нявыхаванасцю і маральным заняпадам. Як плынь у ідэалогіі С. ажывіўся ў 1830—40-я г. як разнавіднасць рамантызму. Тагачасны С. вылучаўся патрыятычна-паўстанцкімі тэндэнцыямі, а шляхта разглядалася як асн. сіла адраджэння Рэчы Паспалітай (творы А.Міцкевіча, Г.Жавускага, І.Ходзькі, У.Сыракомлі, Ю.І.Крашэўскага і інш.). У Галіцыі дзейнічала тайная арг-цыя «Маладая Сарматыя», у Віленскім ун-це — «Племя сарматаў». З ідэалагічнай арэны С. сышоў пасля аграрнай рэформы 1860-х г. і падаўлення паўстання 1863—64.
Літаратура:
Mańkowski T. Genealogia sarmatyzmu. Warszawa, 1949;
Ulewicz T. Sarmacja: Studium z problematyki słowiańskiej XV i XVI w. Kraków, 1950;
Яго ж. Zagadnienie sarmatyzmu w kulturze i literaturze polskiej: (Problematyka ogólna i zarys historyczny) // Zeszyty naukowe Uniwersytetu Jagiellońskiego [T.] 59. Prace historyczno-literackie. Z. 5. Kraków, 1963;
Cynarski S. Sarmatyzm — ideologia i styl życia // Polska XVII wieku: Państwo — spoleczeństwo — kultura. Warszawa, 1969;
Chrzanowski T. Wędrówki po Sarmacji europejskiej. Kraków, 1988;
Słownik sarmatyzmu: idee, pojęcia, symbole. Kraków, 2001.
© Валерый Пазднякоў, 2006
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


