Артыкулы: Сарнецкі Казімір
Сарнецкі Казімір (Sarnecki Kazimierz) (да 1670—пасля 1712) — каралеўскі сакратар, аўтар дзённікавых запісаў.
Паходзіў са шляхецкай сям’і ВКЛ.
У 1691—1696 пры двары караля Яна ІІІ Сабескага ў Варшаве, Жоўкве і Львове як рэзідэнт і інфарматар падканцлера ВКЛ Караля Станіслава Радзівіла. Суправаджаў караля ў час малдаўскага паходу 1691. Штотыдзень дасылаў Радзівілу свае штодзённыя запісы, спецыяльныя рэляцыі, звесткі з перыядычных выданняў з ваеннымі і палітычнымі навінамі. Пісаў пераважна пра падзеі пры двары і тыя, што датычылі ўнутранай палітыкі. Захаваліся дзённікавыя запісы 1691—1695 і лісты 1690—1696, якія з’яўляюцца каштоўнай крыніцай па гісторыі панавання Яна ІІІ. Дыярыуш і лісты зберагаюцца ў Вроцлаве (Ossolineum. 9765/I) і Варшаве (AGAD. Archiwum Radziwiłłowskie. Dział V. Teka 342. Nr 13939).
Меў званне каралеўскага сакратара, з 1693 стольнік віцебскі. З 1698 (?) на сталай службе ў Радзівіла, у 1702—1712 сакратар вялікага кароннага канцлера Андрэя Хрызастома Залускага.
Сястра — замужам за мазавецкім шляхцічам.
Творы:
Ziembicki Witold. Zdrowie i niezdrowie Jana Sobieskiego // Archiwum Historii i Filozofii Medycyny. T. 11/12. 1931/1932. (Асобны адбітак: Poznań 1931). (Фрагменты дыярыуша і лістоў).
Ziembicki Witold. Nieznana relacja o śmierci Jana III // Kwartalnik Historyczny. 1933. (Лісты 18 і 20 чэрвеня 1696).
Sarnecki Kazimierz. Pamiętniki z czasów Jana Sobieskiego. Diariusz i relacje z lat 1691—1696 / Opracował i przygotował do druku Janusz Woliński. Wrocław: Zakład Narodowy im. Ossolińskich — Wydawnictwo, 1958. 427 s., il.
Падрабязнасці:
Bibliografia literatury polskiej. Nowy Korbut. T. 3. Piśmiennictwo staropolskie. Warszawa: Państwowy Instytut Wydawniczy, 1965. S. 216.
Polski Słownik Biograficzny. T. XXXV, 1994.
© Валерый Пазднякоў, 2006, 2016
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


